БЕЛ Ł РУС

Праз пагрозу атакі дронаў адмянілі ўсерасійскі злёт аператараў беспілотнікаў

12.08.2026 / 18:33

Nashaniva.com

Арганізатары ўсерасійскага злёту аператараў беспілотнікаў «Дронніца», які з 2022 года праводзіцца ў Наўгародскай вобласці, абвясцілі пра адмену чарговага мерапрыемства праз пагрозу магчымай атакі з боку Украіны, піша The Moscow Times.

Фота: @dronnitsa

Злёт аператараў баявых БПЛА, спецыялістаў сумежных сфер і валанцёраў павінен быў прайсці 29—30 жніўня ў Вялікім Ноўгарадзе. Але, са слоў арганізатараў, яны атрымалі інфармацыю пра нібыта падрыхтоўку Украінай «камбінаванай аперацыі» з выкарыстаннем у тым ліку балістычных ракет і беспілотнікаў. Таму пасля нарад з кіраўніцтвам рэгіёна і прадстаўнікамі спецслужбаў было прынята рашэнне перанесці мерапрыемства.

Арганізатары патлумачылі, што правядзенне злёту магло б стварыць дадатковыя рызыкі для Наўгародскай і суседніх абласцей. У выпадку атакі, як адзначаецца ў заяве, удары маглі б быць нанесеныя не непасрэдна па ўдзельніках злёту, а па аб'ектах, якія маглі б стаць цэлямі праз яго правядзенне. Акрамя таго, для аховы мерапрыемства спатрэбілася б адцягваць сілы супрацьпаветранай абароны і сілавікоў ад іншых участкаў.

Арганізатары паведамілі, што пазней абвесцяць новыя даты правядзення злёту і арганізуюць паўторную рэгістрацыю ўдзельнікаў.

«Дронніца» пазіцыянуецца арганізатарамі як пляцоўка для папулярызацыі вайсковага выкарыстання беспілотнікаў і стварэння прафесійнай супольнасці аператараў БПЛА, інструктараў, а таксама спецыялістаў радыёэлектроннай разведкі і радыёэлектроннай барацьбы.

На штогадовых злётах абмяркоўваюцца выкарыстанне беспілотнікаў на фронце, назапашванне баявога досведу, стварэнне спецыялізаваных беспілотных і антыбеспілотных падраздзяленняў, масавае прымяненне БПЛА і развіццё вайсковых беспілотных тэхналогій.

На базе «Дронніцы» ў Вялікім Ноўгарадзе таксама быў створаны навукова-вытворчы цэнтр «Ушкуйнік», які займаецца выпрабаваннем, дапрацоўкай і сертыфікацыяй беспілотных тэхналогій. Там распрацоўваецца і тэстуецца FPV-дрон на оптавалакне «Князь Вандал Наўгародскі».

Чытайце таксама:

Зяленскі заявіў пра ўдар па расійскай вайскова-марской базе ў Новарасійску

Сталі вядомыя падрабязнасці атакі дронаў на грузавікі на расійска-беларускай мяжы

Ці можа Украіна знішчаць пускавыя ўстаноўкі з расійскай балістыкай?

Украінскія беспілотнікі атакавалі НПЗ у расійскім Орску за паўтары тысячы кіламетраў ад мяжы

У Камсамольску-на-Амуры адбыўся пажар на НПЗ

Каментары да артыкула