Стартавала галасаванне за птушку Беларусі 2027 года
Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах, інфармацыйны рэсурс «Смартпрэс» і кампанія «Дзікая прырода» пачалі выбары беларускай птушкі 2027 года. Арнітолагі і аматары прыроды прапанавалі кандыдатаў, і ў фінал выйшлі чатыры птушкі, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
На фота злева направа і зверху ўніз: вялікі баклан, чайка-рыбачка, качка-чырка і шчурка-пчалаедка
Чатыры птушкі, якія сёлета выйшлі ў фінал:
Вялікі баклан — пералётны рыбаедны від, які гняздуецца на дрэвах ці на зямлі каля вадаёмаў. Трэба змяніць жорсткае і негатыўнае стаўленне беларусаў да гэтых птушак, распаўсюдзіць гуманныя метады рэгуляцыі колькасці і падыходы да змяншэння страт ад іх.
Качка-чырка — пералётная качка, якая зімуе ў Афрыцы. Колькасць зніжаецца глабальна. На гэтых птушак у нас дазволена і вясновае, і восеньскае паляванне. Было б добра забараніць вясновае паляванне на самцоў.
Чайка-рыбачка — за 33 гады колькасць у Еўропе ўпала на 76%. Амаль штогод калоніі чаек знішчаюць пры пашырэнні гарадоў. Гэта чайка — парасонавы від: пад яе абаронай гняздуюцца крычкі, коўры, качкі і кулікі. Асабліва цярпяць чайкі ад амерыканскай норкі, якая знішчае іх яйкі і птушанят. Таму ўсё часцей для гнездавання чайкі выбіраюць гарадскія дахі.
Шчурка-пчалаедка — чырванакніжная насякомаедная птушка, якая гняздуецца ў норах. Колькасць невялікая, але разам з пацяпленнем клімату від прасоўваецца на поўнач. Яе норы ў дзейных кар’ерах трэба абараніць перадачай пад ахову і арганізаваць маніторынг падчас гнездавання.
Аддаць голас за аднаго з кандыдатаў можна да 23 жніўня ўключна на наступных пляцоўках арганізатараў кампаніі:
- тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач»
- тэлеграм-канал «НПЦ па біярэсурсах»
Галасы з усіх пляцовак будуць падсумоўвацца.
Прэзентацыі кандыдатаў даступныя тут.
Птушкай года Беларусі 2026 года па выніках аналагічнага галасавання быў абраны чорны бусел.
Чытайце таксама:
Многія рыбакі дагэтуль ловяць са свінцовым грузілам. Але свінец моцна шкодзіць прыродзе
«У Гатаве для іх склаліся ўсе ўмовы». Чаму на адным даху пад Мінскам жыве так шмат чаек?
Усё больш еўрапейскіх белых буслоў харчуюцца на сметніках. Навукоўцы занепакоеныя
Збеглы папугай тыдзень вандраваў пад Мінскам, сілкаваўся часнаком, але вярнуўся