Кіроўца беларускага аўтобуса дапамагаў пасажыру перавезці праз мяжу шмат грошай
Парушэнне выявілі падчас афармлення міжнароднага аўтобуснага рэйса ў пункце пропуску «Брэст». Увагу інспектара прыцягнуў кіроўца аўтобуса — грамадзянін Беларусі. Мужчына паказаў толькі невялікую суму асабістых грошай, але не паведаміў пра больш чым 32 тысячы даляраў ЗША, якія мытнікі знайшлі ў яго кішэнях і сподняй бялізне.
Пазней высветлілася, што кіроўца пагадзіўся дапамагчы грамадзяніну Украіны незаконна пераправіць наяўныя грошы праз мяжу. Украінец таксама ехаў гэтым аўтобусам і схаваў сярод сваіх рэчаў яшчэ больш за 10 тысяч даляраў.
Такім чынам, агульная сума гатоўкі, якую грамадзянін Украіны спрабаваў незаконна перамясціць праз мытную мяжу, перавысіла 42 тысячы даляраў у эквіваленце.
Па гэтым факце Брэсцкая мытня распачала крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне, у тым ліку пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.