Сайт, на якім беларусаў вербавалі для вайны з Украінай, знік адразу як пра яго напісалі СМІ
Сайт «Защитник.БЕЛ», які з'явіўся ў нацыянальнай даменнай зоне Беларусі для пошуку ахвотных служыць у расійскім войску і ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны, ужо не адкрываецца, звярнула ўвагу «Радыё Свабода». Дакладна невядома, сайт заблакавалі ўлады Беларусі ці ініцыятары яго стварэння і дзейнасці, але адбылося гэта адразу пасля таго, як інфармацыя пра яго разышлася па СМІ.
Расійскія вайскоўцы ва Украіне. Фота ілюстрацыйнае
Аператарам сайта быў пазначаны расійскі індывідуальны прадпрымальнік Данііл Радзівонаў. Ён зарэгістраваны ў Іркуцкай вобласці і, згодна з адкрытай інфармацыяй, звязаны з вайскова-кадравым агенцтвам «Брацкі сіндыкат», што займаецца падборам кандыдатаў на кантрактную службу ў расійскім войску.
Пры гэтым сайт быў аформлены як беларускі і быў разлічаны на беларускую аўдыторыю: акрамя беларускай даменнай зоны, на ім публікавалі фота вайскоўцаў з дзяржаўнай сімволікай Беларусі.
Ужо доўгі час абвесткі пра «працу» для грамадзян Беларусі, якія жадаюць ваяваць ва Украіне на баку Расіі, можна было знайсці ў тым ліку на беларускіх рэсурсах пошуку вакансій. Асабліва на тых, якія працуюць як агрэгатары абвестак з пабочных сайтаў, у тым ліку расійскіх.
Чытайце таксама:
Стала вядома, што за «сіндыкат» стаіць за сайтам, які вярбуе беларусаў ваяваць за Расію