Пад Маларытай адкрылі карчму з партрэтамі Лукашэнкі і Пуціна і дыскатэкамі да ночы
У аграгарадку Хаціслаў Маларыцкага раёна 14 жніўня адкрылася карчма «Мандарынавая гусь». Раней яе планавалі размясціць у будынку былога паста ДАІ на скрыжаванні трас Брэст — Маларыта — Кобрын — Макраны, але гэты праект так і не быў рэалізаваны. Цяпер установа пераехала амаль да самай мяжы з Украінай — прыкладна за 4—5 кіламетраў ад яе, піша выданне BG.Media.
Скрыншоты з відэа: BG.Media
Інтэр'ер карчмы аформлены ў афіцыёзным беларуска-расійскім стылі. На сценах размясцілі партрэты Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, а таксама беларускія і расійскія дзяржаўныя сцягі. Уладальніца ўстановы Іна называе яе «карчмой Саюзнай дзяржавы» і сцвярджае, што ў праект нібыта ўклалася Расійская Федэрацыя. Што менавіта маецца на ўвазе пад гэтымі ўкладаннямі і хто фінансаваў праект, не ўдакладняецца.
Установа разлічаная не толькі на харчаванне. Тут плануюць праводзіць дыскатэкі 1990‑х гадоў, караоке, конкурсы, канцэрты жывой музыкі, тэматычныя і пірацкія вечарыны, дзіцячыя мерапрыемствы з клоўнамі і казачнымі персанажамі.
Банкетная зала разлічаная амаль на 190 чалавек. Тут можна будзе праводзіць вяселлі, юбілеі і дні нараджэння. Уладальнікі таксама гатовыя прымаць жалобныя мерапрыемствы і памінкі.
На першым этапе кухня будзе працаваць не ў поўным аб'ёме. Наведвальнікам прапануюць халодныя закускі, дранікі, бульбу фры, каўбасы і мясныя нарэзкі. У перспектыве плануецца дадаць мясныя і вэнджаныя стравы, а таксама галубцы.
Установа робіць стаўку і на нізкія цэны. Літр піва, паводле слоў уладальніцы, будзе каштаваць каля 4,6—4,8 рубля, а мацнейшыя напоі — толькі крыху даражэй, чым у краме. Акрамя ежы і напояў, у карчме плануюць прадаваць некаторыя тавары першай неабходнасці, у тым ліку малако і каўбасу.
У пятніцу і суботу «Мандарынавая гусь» плануе працаваць да 2‑й гадзіны ночы, у нядзелю — да 1-й. Панядзелак і аўторак будуць выхаднымі днямі.
Адкрыццё ўстановы выклікала неадназначную рэакцыю ў сацыяльных сетках. Частка беларусаў і ўкраінцаў раскрытыкавала інтэр'ер, атмасферу «пад 1990-я» і асабліва партрэты Лукашэнкі і Пуціна. Карыстальнікі называлі ўстанову «настальгіяй па савецкім мінулым», крытыкавалі рамонт і здзіўляліся таму, што ўстанова з такой палітычнай сімволікай адкрылася непадалёк ад украінскай мяжы.
Былі і станоўчыя водгукі: некаторыя карыстальнікі адзначалі нізкія цэны і лічылі, што для жыхароў аграгарадка такое месца для адпачынку можа быць запатрабаваным.
Гісторыя «Мандарынавай гусі» пачалася яшчэ зімой. Першапачаткова ўстанову хацелі адкрыць на былым посце ДАІ. Там планаваліся бар, дыскатэкі, VIP-зона, кальян і нават невялікі музей Вялікай Айчыннай вайны. Такая канцэпцыя таксама выклікала шмат крытыкі, бо музей збіраліся размясціць побач з барам, кальяннай і танцавальнай пляцоўкай.
У выніку ад ідэі з былым пастом ДАІ, аднак, адмовіліся. Паводле тлумачэнняў уладальніцы і радыкальна праўладнага блогера ПалВаныча, які рэкламаваў праект, у будынку праявіліся праблемы, звязаныя з неабходнасцю дарагога рамонту. Таму ўстанову перанеслі ў Хаціслаў.
Чытайце таксама:
Mak.by пашырыцца на яшчэ два беларускія гарады