«Заўсёды хочацца больш». Як трацяць грошы беларусы з заробкам 5—6 тысяч рублёў
5—6 тысяч рублёў у месяц — заробак, з якім, здаецца, у Беларусі ўжо можна не занадта ўважліва глядзець на цэннікі. Але ці азначае такі даход, што пытанне грошай увогуле перастае хваляваць? Выданне «Анлайнер» пагутарыла з беларусамі, якія зарабляюць ад 5 тысяч рублёў: даведалася, куды ідуць іх грошы, колькі ўдаецца адкладаць і ці сапраўды высокі заробак робіць жыццё прыкметна больш камфортным.
«У дзень заробку купляю долары — мінімум тысячу ў месяц»
Алегу 31 год, і амаль траціну жыцця ён правёў у продажах: пачынаў яшчэ ў 20 гадоў звычайным менеджарам, дарос да кіраўніка аддзела, а зараз працуе ў кансалтынгавай кампаніі і дапамагае іншым бізнэсам выбудоўваць продажы і ўнутраныя працэсы. І калі раней ягоны даход трымаўся ў раёне 2—3 тысяч. рублёў, то за апошні год вырас да 5—6 тысяч.
Жыве мужчына ў Мінску з жонкай і маленькім дзіцём ва ўласнай кватэры.
— На дзіця, па сутнасці, ідуць дэкрэтныя жонкі — прыкладна 1 тысяча рублёў у месяц. На нашае з жонкай жыццё мы закладаем дзесьці 1,7—2 тыс. рублёў у месяц. Яшчэ каля 350 рублёў трацім на камунальныя плацяжы. Выходзіць, груба кажучы, на асноўныя патрэбы сям'і з майго заробку ідзе трохі менш за 2,5 тысячы рублёў.
Самы вялікі артыкул расходаў у нас — прадукты. На іх можам патраціць 800 рублёў, можам 1000. Сюды ж дадаем звычайныя бытавыя рэчы: парашкі, кандыцыянеры, пасцельную бялізну, навалачкі, часам нейкі посуд. Гэта не тыя куплі, якія моцна б'юць па бюджэце, але яны ёсць пастаянна.
Адзенне таксама купляем з гэтых грошай. Калі разумеем, што хутка спатрэбіцца нешта буйное — напрыклад, паліто, пухавік або абутак за 300, 500, 800 рублёў, — стараемся падрыхтавацца загадзя. Можам два месяцы адкладаць па 200—300 рублёў, назбіраць 400—600 і ўжо спакойна купіць патрэбную рэч. Мне ўвогуле псіхалагічна прасцей, калі я ведаю пра выдаткі загадзя.
Са спортам раней таксама быў асобны артыкул — прыкладна 200 рублёў у месяц на дваіх. Але апошнім часам я арганізаваў сабе спортзалу проста ў офісе, таму канкрэтна для мяне гэты выдатак адпаў.
Усё, што застаецца пасля абавязковых выдаткаў, мы стараемся адкладаць. Я звычайна проста ў дзень заробку купляю даляры. Мая мінімальная планка — тысяча даляраў у месяц. Калі атрымліваецца потым купіць больш, купляю больш. Калі разумею, што дзеля гэтай тысячы ў канкрэтным месяцы на жыццё трэба пакінуць не 2000 рублёў, а, напрыклад, 1700, 1600 або 1500, значыць, пастараемся трохі ўціснуцца. Для мяне важна не збівацца з рытму накапленняў.
Цяпер нейкай канкрэтнай мэты ў гэтых грошай няма, хутчэй хочацца проста мець нармальную падушку бяспекі. Часы даволі нестабільныя, плюс у нас маленькае дзіця, таму мне спакайней разумець, што ў выпадку чаго ёсць запас. Калі за год назбіраецца $10+ тысяч, гэта ўжо сума, з якой можна думаць пра нешта больш сур'ёзнае: памяняць аўтамабіль, зрабіць рамонт, купіць участак недалёка ад Мінска, задумацца пра нерухомасць — хай нават у крэдыт.
Быў перыяд часу, калі мы збіралі на канкрэтную мэту — пластычную аперацыю для жонкі, яна каштавала каля 18 тысяч рублёў (парадку $6 тысяч у эквіваленце). Прыкладна чатыры месяцы мы асобна адкладалі грошы менавіта на яе, у выніку зрабілі. Калі зарабляў менш, мог адкладваць і $50, і $100, і $200, і $300 у месяц.
Я лічу, што лепш адкласці хоць колькі-небудзь, чым увогуле нічога.
Напэўна, таму рост даходу сам па сабе не моцна змяніў маё штодзённае жыццё. Калі б я пачаў атрымліваць яшчэ на тысячу або паўтары тысячы рублёў больш, сям'я б, хутчэй за ўсё, гэта амаль не адчула: я б больш адкладаў, чым траціў. Проста купляў бы не тысячу даляраў у месяц, а, дапусцім, паўтары.
На чым я дакладна не хачу ашчаджаць, дык гэта на харчаванні. Мне важна, каб дома былі нармальныя якасныя прадукты — не абавязкова самыя дарагія, але добры набор ежы для сям'і. Я стараюся, каб у рацыёне было дастаткова бялку, а потым ужо тлушчы і вугляводы, а не наадварот.
Тое ж тычыцца здароўя. Калі патрэбныя вітаміны, мінералы або нейкія іншыя рэчы для здароўя, мы іх купляем. Калі я ўпэўнены, што пэўны брэнд або прадукт сапраўды якасны і за яго трэба заплаціць больш, таксама не бачу сэнсу ашчаджаць.
І асабліва не хачу ашчаджаць на дзіцяці. Яму яшчэ няма 3 гадоў, і калі яму патрэбныя дадатковыя заняткі, рэчы для развіцця, адзенне або нешта звязанае са здароўем, пытанне эканоміі для мяне ўвогуле не стаіць.
А вось забавы — гэта той артыкул, дзе мы цалкам можам уціснуцца. Асабліва не ходзім па барах і рэстаранах, можам запланаваць кіно, зайсці ў кавярню, але не ў дарагія ўстановы, дзе за пару гадзін пакідаеш паўзаробку. З падарожжамі падобная гісторыя: апошнім часам ездзім у асноўным па Беларусі. Так што гэта таксама невялікі артыкул выдаткаў.
Ёсць, праўда, у нас адно guilty pleasure — дастаўка ежы. Прычым справа нават не ў тым, што нам лянота гатаваць. Хутчэй гэта такі дадатковы спосаб атрымаць задавальненне ўвечары: уключылі фільм — і хочацца заказаць піцу, крылцы і гэтак далей. Асобна здаецца, што нібы і недарага, але калі ты дзесяць разоў за месяц заказаў тую ж піцу, лічы, праеў 500 рублёў.
Калі казаць пра куплі асабіста для сябе, то тут я, наадварот, даволі скупы. Магу доўга не мяняць адзенне, тэхніку, увогуле не купляць сабе нічога буйнога. Два-тры гады спакойна жыву без сур'ёзных купляў, а потым мне раптоўна што-небудзь прыходзіць у галаву. Адзін раз, напрыклад, купіў MacBook прыкладна за 4,5 тысячы рублёў. Яшчэ праз пару гадоў абнавіў стацыянарны камп'ютар.
Калі жонка хоча памяняць тэлефон, купіць гадзіннік, фітнэс-браслет або ўпрыгажэнне, я звычайна не супраць. Адзінае, пра што прашу, — гэта каб пакупка была хоць у якім-небудзь сэнсе карыснай.
Па словах Алега, раптоўныя выдаткі яго раздражняюць: мужчына прывык планаваць бюджэт хоць бы на месяц-два наперад і загадзя разумець, куды пойдуць грошы.
— Для кагосьці непрадбачаныя выдаткі — гэта, напрыклад, паломка аўтамабіля з рамонтам на 3 тысячы рублёў. Для мяне ж стрэсавай можа аказацца нават нечаканая паездка да сваякоў, на якую пойдуць 500—600 рублёў плюс час. Або жонка нейкі час думае пра пакупку, нічога мне не кажа, а потым раптам перад зімой паведамляе, што ёй патрэбна новае паліто, абутак і яшчэ што-небудзь. І ты разумееш, што камплект — гэта ўмоўныя 1,5 тысячы рублёў.
Я не супраць самой пакупкі, мне проста было б значна лягчэй, калі б я ведаў пра яе хоць бы трохі загадзя. Тады можна падрыхтавацца, паступова адкласці грошы і не скарачаць накапленні.
У цэлым я лічу, што 5—6 тысяч рублёў і вышэй — гэта добры, камфортны заробак для Мінска. Але, як па мне, важна не тое, колькі чалавек зарабляе, а тое, колькі ў яго застаецца. Можна атрымліваць больш і траціць усё да апошняга рубля, а можна пры больш сціплым даходзе рэгулярна штосьці адкладваць.
Пры гэтым я не бачу нейкай велізарнай прорвы паміж чалавекам, які атрымлівае 2—3 тысячы рублёў, і тым, хто атрымлівае 5—6 тысяч. Калі абодва нармальна ставяцца да грошай, яны будуць хадзіць у адныя і тыя ж крамы, купляць адныя і тыя ж рэчы, весці падобнае жыццё. Проста ў другога з'яўляецца магчымасць адкладаць.
«Ну што там мужыку трэба?»
Уладзіславу амаль 32 гады, ён жыве ў Мінску і ўжо дзесяць гадоў займае пазіцыю інхаўс-юрыста. На рукі атрымлівае каля 5—6 тысяч рублёў у месяц. На такі ўзровень даходу мужчына выйшаў прыкладна год таму. У яго даведаліся, куды ідуць такія грошы і ці зрабіў высокі даход яго шчаслівейшым.
— Жыву адзін, здымаю аднапакаёвую кватэру трохі больш чым за 1000 рублёў у месяц. Магу, канешне, дазволіць сабе штосьці даражэйшае, але навошта, калі ўсё задавальняе? Добрае размяшчэнне дома, добры рамонт — не свежы, але акуратны. Госцей запрасіць не сорамна. У цэлым я не асабліва пераборлівы ў гэтым плане.
Аўтамабіля ў мяне няма, ды і вялікай патрэбы ў ім няма. Да офіса дзве станцыі на метро, штомесяц купляю праязны. Калі трэба выбрацца кудысьці далей, вазьму таксі. Дарэчы, у мяне амаль заўсёды адзіны крытэрый выбару тарыфу — гэта цана. Якая розніца, якога класа аўто, калі табе ехаць па горадзе максімум 20—30 хвілін? Але зразумелая рэч, што калі я спазняюся, а ў класе вышэйшым падача машыны хутчэйшая, то я выберу яго, і розніца ў некалькі рублёў мяне не збянтэжыць.
Колькі дакладна трачу на ежу, я не лічу — як па мне, шмат. Замест сняданку я часта п'ю толькі чай, абедаю ў сталовых або кавярнях, а на вячэру гатую штосьці простае (кашы, паўфабрыкаты, салаты) або замаўляю дастаўку ежы. Напэўна, дастаўкамі карыстаюся занадта часта — пару разоў у тыдзень. Увогуле, я люблю смачна паесці, і на гэтым, канешне, можна было б ашчадзіць. Але гатаваць вечарамі мне звычайна лянота, хочацца проста адпачываць пасля працы.
Пару разоў спрабаваў «сядзець» на дастаўцы рацыёнаў правільнага харчвання (каля 1,1 тыс. рублёў у месяц). Па сутнасці добра, па смаку — калі як, але вельмі ўжо нязручна чакаць кур'ераў: нікуды далей за сметніцу каля дома не адысці. Ды і курыная грудка хоць і карысная, але часам усё ж хочацца сакавітага чабурэка са свінінай. Таму больш за месяц на такім харчаванні я не працягнуў.
Адзенне заказваю на маркетплэйсах. Стараюся выбіраць усё якаснае, у правераных прадаўцоў, але не вельмі дарагое. З апошняга — купіў пола за 80 рублёў. Па крамах хадзіць не люблю, максімум, што купляю афлайн, — гэта беларуская ніжняя бялізна і футболкі.
Па бытавой хіміі, касметыцы і таму падобным сказаць складана, таму што ну што там мужыку трэба? Гель 10 у 1, зубная паста, дэзадарант? У мяне прыкладна такі набор плюс сродкі для прыбірання. Выдаткі на ўсё гэта настолькі дробныя, што я іх не лічу. Яшчэ раз у некалькі месяцаў я заказваю клінінг, бо лепш за іх я дакладна не прыбяруся. Каштуе гэта паслуга прыкладна 100 рублёў, але на гэта грошай не шкада.
Я рэдка кудысьці выбіраюся, хіба што часам на канцэрты. Аддаць пару сотняў рублёў на квіткі або сотню ў клубным бары для мяне не праблема. У кавярні і рэстараны хаджу рэдка, бо ўсе мае сябры працуюць, занятыя, як і я, некаторыя жанатыя — паспрабуй збяры іх усіх! Раз-два на год магу дазволіць сабе схадзіць у кіно, калі ёсць штосьці вартае (звычайна няма).
Яшчэ бюджэт пад'ядаюць усякага роду падпіскі на інтэрнэт-сэрвісы: YouTube без рэкламы, хуткі VPN, нармальны музычны стрымінг — для мяне гэта мастхэў. Сумарна на гэта ідзе рублёў са 100 у месяц. Пару сотняў рублёў штомесяц закідаю на кашалёк у Steam, каб купляць гульні, якія ніколі не запушчу.
Растэрміноўкі і крэдыты стараюся не браць, толькі калі трэба зрабіць буйную куплю. Напрыклад, каля паўгода таму я збіраў камп'ютар, уключаючы манітор і перыферыю. Усе камплектуючыя без праблем купіў за два месяцы — па некалькі штук з кожнага заробку. Але вось на відэакарту ўсё ж узяў растэрміноўку: яна каштавала каля 3,5 тысяч рублёў, і аддаць такую суму аднамомантна я не мог.
Патроху збіраю грошы на куплю жытла. У месяц, калі няма сур'ёзных выдаткаў, я магу адкладаць 1000—2000 рублёў, а калі б быў больш дысцыплінаваным і трохі ўціснуўся, то, напэўна, мог бы апускаць у скарбонку і 3000. У мяне цяпер ёсць магчымасць зарабляць больш, але для гэтага прыйдзецца траціць вольны час па вечарах і выхадных, а я ўсё ж цаню work-life balance — і ўсім раю.
У цэлым свой заробак я лічу камфортным для жыцця аднаго чалавека. А калі з такім даходам у цябе ёсць уласнае жытло, то гэта ўвогуле добра.
«Заўсёды хочацца больш»
Максіму 38 гадоў, ён жыве ў Мінску і працуе ў будаўнічай галіне (апошнія шэсць гадоў — вядучым інжынерам па ахове працы), паралельна супрацоўнічае з іншымі кампаніямі па сваім профілі. Пасля выплаты падаткаў і аліментаў у яго застаецца каля 6—6,5 тысяч рублёў у месяц.
Да цяперашняга даходу хлопец прыйшоў паступова. Некалькі гадоў таму ён сумяшчаў асноўную працу з падпрацоўкай кур'ерам, а пазней пачаў браць дадатковыя праекты па ахове працы, экалогіі і пажарнай бяспецы.
— Самы вялікі пастаянны артыкул выдаткаў цяпер — гэта іпатэка — 1700 рублёў. «Камуналка» разам з інтэрнэтам улетку выходзіць дзесьці ў раёне 100 рублёў. Ёсць яшчэ некалькі растэрміновак — прыкладна на 300 рублёў у месяц, але яны ўжо заканчваюцца. У асноўным браў штосьці з тэхнікі і рэчаў для кватэры. У прынцыпе, я мог бы заплаціць адразу, але калі прапануюць беспрацэнтную растэрміноўку, чаму б ёй не скарыстацца?
На транспарт трачу няшмат — прыкладна 100—150 рублёў у месяц. Машына ў мяне ёсць, але я стараюся часцей ездзіць грамадскім транспартам. З аўтамабілем у прынцыпе складана прагназаваць выдаткі. Можна паўгода спакойна ездзіць і нічога не рабіць, а потым у адзін месяц патраціць на рамонт 1000—1200 рублёў.
На ежу ў сярэднім ідзе каля 600 рублёў. Я не магу сказаць, што моцна эканомлю: стараюся купляць добрыя прадукты, не харчавацца ўмоўнымі сасіскамі. Пры гэтым у асноўным гатую сам, таму што мне падабаецца хатняя ежа. Дастаўкай карыстаюся рэдка — магу заказаць піцу або сушы, калі хочацца, але пастаянна заказваць гатовую ежу не люблю. Мне прасцей купіць, напрыклад, два добрыя стэйкі з чырвонай рыбы па 30—40 рублёў, самому прыгатаваць і разумець, што ты ясі.
Яшчэ адзін прыкметны артыкул выдаткаў — сустрэчы з дзяўчынай і сябрамі. На кавярні і рэстараны ў сярэднім ідзе 600—700 рублёў у месяц. Часам мы можам выбрацца куды-небудзь чатыры разы за месяц, часам радзей. Проста хочацца перыядычна схадзіць у добрае месца, смачна паесці і спакойна пагаварыць.
На бытавыя рэчы грошай ідзе зусім няшмат. Я проста стараюся купляць усё вялікімі ўпакоўкамі: напрыклад, узяў адразу 100 таблетак для посудамыйнай машыны — і на тры месяцы гэта пытанне закрыта. Калі такія выдаткі раскласці на кожны месяц, думаю, атрымаецца рублёў з 30—40.
З адзеннем і абуткам таксама няма нейкай фіксаванай сумы. Я не купляю рэчы кожны месяц проста дзеля таго, каб штосьці купіць. Але і да стану, калі ўсё канчаткова парвецца, не заношваю. Раней стараўся браць якасны абутак, хоць цяпер нават высокая цана не заўсёды штосьці гарантуе. У ліпені, напрыклад, на адзенне ўвогуле нічога не патраціў, а на жнівень заклаў прыкладна 300—400 рублёў.
Больш за ўсё грошай пасля іпатэкі цяпер з'ядае рамонт. Толькі ў ліпені на яго пайшло каля 5 тыс. рублёў: нацяжныя столі, шпалеры ў адзін пакой, свяцільні і іншыя рэчы. Кватэру я купляў з рамонтам, але мне хацелася зрабіць усё цалкам пад сябе. На матэрыялах таксама асабліва не ашчаджаў: калі шпалеры, то італьянскія, калі тэхніка, то ўбудаваная. Таму рамонт забіраў вельмі шмат грошай. Цяпер, на шчасце, засталіся ўжо апошнія штрыхі.
— Нейкую суму атрымліваецца адкладаць?
— Раней я стараўся, збіраў і на першы ўнёсак за кватэру, і проста на нейкія буйныя куплі. А потым у нейкі момант зразумеў: жыццё ж праходзіць. Можна пастаянна сябе абмяжоўваць, збіраць грошы і глядзець на іх, але навошта тады ўвогуле зарабляць? Таму цяпер я хутчэй стараюся жыць сённяшнім днём. Не ў сэнсе спусціць увесь заробак за некалькі дзён, а дазваляць сабе тое, чаго сапраўды хочацца.
Даляры цяпер таксама спецыяльна не купляю. Раней, напэўна, адкладаў бы грошы ў валюце, а цяпер не бачу асаблівага сэнсу. Кватэра ёсць, машына ёсць, нейкай канкрэтнай вялікай мэты, дзеля якой трэба гадамі збіраць, няма.
Напэўна, наступная такая глабальная мэта — адпачынак. На яго мне, дарэчы, чамусьці заўсёды трохі шкада грошай. Я разумею, што магу дазволіць сабе паездку, але часам уключаецца гэта «жаба», калі здаецца, што лепш яшчэ што-небудзь купіць у кватэру.
Увогуле, з ростам даходу растуць і патрэбы, змяняецца якасць жыцця. Раней ты спакойна жыў без кавамашыны і піў распушчальную каву, а потым разумееш, што можаш купіць кавамашыну. І так паступова з'яўляецца шмат рэчаў, якія раней здаваліся неабавязковымі. Таму я б нават сказаў, што зарабіць грошы часам прасцей, чым потым нармальна размеркаваць бюджэт. Калі пачынаеш атрымліваць больш, адразу хочацца і таго, і другога, і трэцяга. Вось гэта для мяне цяпер самае складанае.
— Для вас гэта камфортны заробак?
— Заўсёды хочацца больш. Пры гэтым я ўжо праходзіў перыяд, калі зарабляў каля 7,6—7,8 тысячы рублёў, і зразумеў, якой цаной даюцца мне гэтыя грошы. Было вельмі цяжка, праца пачынала забіраць занадта шмат часу і сіл. А мне ўсё ж хочацца, каб заставаўся час на адносіны, на дачку, на кватэру і проста на сябе. Таму што, калі цалкам сысці ў працу, грошы ў цябе будуць, толькі глядзець на іх у нейкі момант стане не радасна.
Таму цяпер я свядома абмяжоўваю працоўны час. У выхадны бяруся за працу толькі тады, калі сапраўды штосьці гарыць, а ў будні стараюся заканчваць максімум да шасці-сямі вечара. Мне здаецца, я нарэшце прыйшоў да таго ўзроўню, калі ўжо не трэба любой цаной гнацца за наступнай тысячай. Калі з'явіцца цікавая прапанова пра супрацоўніцтва, разгледжу. Але спецыяльна шукаць працу днём і ноччу дзеля таго, каб лічба стала яшчэ большай, цяпер не хачу.
Чытайце таксама:
Беларусы расказалі пра сямейны бюджэт і выдаткі на іпатэку ў Польшчы
«Мы ачмурэлі ад таго, наколькі гэта дорага». Колькі беларусы зараз трацяць на вяселле
«Часам я жыла на 100 і на 40 рублёў у месяц». Як маці з 4 дзецьмі выстаяла ў глухой беларускай вёсцы
Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу