БЕЛ Ł РУС

У Беларусі скляпалі для Расіі двухтоннага мядзведзя

17.08.2026 / 16:10

Nashaniva.com

Незвычайны арт-аб’ект у стылі стымпанк адправіцца з Беларусі на расійскі паўночны паўвостраў Ямал. Пра гэта расказаў мастак па метале і аўтар праекта з Дзяржынскага раёна Уладзімір Канонік, піша БелТА.

Фота: творчая майстэрня

Сталёвую скульптуру ў выглядзе мядзведзя вырабілі на заказ для аднаго з прадпрыемстваў у горадзе Губкінскі на расійскім Ямале. Паводле слоў мастака, вобраз мядзведзя абралі невыпадкова, бо Ямал асацыюецца з суровым паўночным краем.

На стварэнне скульптуры спатрэбілася каля двух месяцаў і больш за тысячу асобных дэталяў, якія сабралі ў адну кампазіцыю. Мядзведзь мае вышыню 2,4 метра і важыць прыкладна дзве тоны.

Уладзімір Канонік адзначыў, што кожны такі праект з’яўляецца ўнікальным. Яго майстэрня цяпер таксама працуе над арт-аб’ектам для Ляхавічаў, дзе плануецца адкрыццё новай аўтазапраўкі. Скульптура будзе звязаная са 100‑годдзем першай аўтазаправачнай станцыі, якой валодалі браты Нобелі.

Усяго ў розных рэгіёнах Беларусі ўжо ўстаноўлена больш за 100 арт-аб’ектаў майстэрні. Пры стварэнні кожнага з іх аўтары імкнуцца звязаць скульптуру з канкрэтным месцам, яго гісторыяй, вядомымі асобамі або мясцовымі традыцыямі.

Важнай часткай працы з’яўляецца пошук матэрыялаў. Для стварэння скульптур мастакі выкарыстоўваюць старыя аўтамабільныя дэталі. Некаторыя аўтамайстэрні, якім падабаецца творчасць майстроў, перадаюць ім непатрэбныя запчасткі. Такім чынам, старыя аўтадэталі атрымліваюць другое жыццё і ператвараюцца ў элементы мастацкіх кампазіцый.

У майстэрні працуюць тры мастакі, скульптар па дрэве і жывапісец, а практычную частку працы выконваюць зваршчыкі. Увесь працэс адбываецца пад кіраўніцтвам аўтара праекта, які асаблівую ўвагу надае эстэтычнаму выгляду гатовых арт-аб’ектаў.

Чытайце таксама:

У Старых Дарогах над ракой паставілі скульптуры Вадзяніка і Русалкі ФОТАФАКТ

У Стоўбцах з’явіўся арт-аб’ект па матывах Мікеланджэла

Гіганцкі зубр, якога месяц таму везлі па трасе М1, прызямліўся ў Баранавічах

У Баранавічах паставілі вялікі помнік мясарубцы

Каментары да артыкула