Даўгі еўрапейскага бізнэсу Дзмітрыя Скіндзерава, якога Літва пазбаўляе прытулку, дасягнулі 354 тысяч еўра
Кампанія Bovaja дэманструе цуды адмоўнага росту.
Дзмітрый Скіндзераў
«Наша Ніва» азнаёмілася з бухгалтарскай справаздачнасцю кампаніі UAB Bovaja за 2025 год. Яе сузаснавальнікам з'яўляецца прадпрымальнік з Віцебска Дзмітрый Скіндзераў, у якім Літва нядаўна ўбачыла пагрозу нацыянальнай бяспецы.
«Наша Ніва» прысвячала яму падрабязнае расследаванне.
Чытайце таксама: Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве
Літва палічыла фігуранта расследавання «Нашай Нівы» Скіндзерава пагрозай нацыянальнай бяспецы і збіраецца пазбавіць статусу ўцекача
Бухгалтарская справаздачнасць кампаніі UAB Bovaja паказвае, што выручка кампаніі расла:
- 66 тысяч еўра ў 2022 годзе
- 141 тысяча еўра ў 2023 годзе
- 722 тысячы еўра ў 2024 годзе
- 992 тысячы еўра ў 2025 годзе.
Пры гэтым, не было ніводнага году, калі б кампанія спрацавала ў плюс:
- мінус 59 тысяч еўра ў 2022 годзе
- мінус 25 тысячы еўра ў 2023 годзе
- мінус 126 тысяч еўра ў 2024 годзе
- мінус 67 тысяч еўра ў 2025 годзе.
На канец 2025‑га кампанія з'яўлялася тэхнічным банкрутам з актывамі на 101 тысячу еўра (унутры якіх палова — дэбіторская запазычанасць), а даўгоў мела на 354 тысячы еўра.
Адмоўны капітал, такім чынам, мінус 253 тысячы еўра, што амаль у дзесяць разоў больш за суму статутнага капіталу кампаніі.
Па літоўскіх законах пры наступленні такой сітуацыі кампанія павінна на працягу трох месяцаў склікаць акцыянераў і альбо вырашыць праблему, альбо ліквідавацца. Але ў кампаніі, дзе Скіндзераў суўладальнік, такога не адбываецца. Магчыма, яна па сутнасці — пракладачная.
У ёй працуюць (застрахаваныя) толькі два чалавекі на мінімальных заробках па 532 еўра.
Бухгалтэрыя кампаніі за 2025 год здавалася абы-як і аналізаваць яе складана: аднолькавыя графы дублююцца з рознымі лічбамі ў іх. Калі верыць адным звесткам, то кожную машыну кампанія прадавала амаль у восем разоў даражэй за сабекошт (што неймаверна), калі верыць іншай — то рэнтабельнасць каля нуля ці ў мінус.
Цяпер на балансе кампаніі знаходзіцца 11 машын — у асноўным недарагія французскія малалітражкі, яны ж выстаўлены на сайце кампаніі.
Таксама ў 2025 годзе кампанія змяніла юрыдычны адрас. Цяпер яна апынулася на тым самым адрасе, на якім функцыянуе адна са службаў пасольства Расіі. Але гэта не больш чым супадзенне: там жа дзейнічае камп'ютарны клуб.
Дзмітрый Скіндзераў — бізнэсмен з Віцебска, які спрабаваў далучыцца да віленскага штаба Святланы Ціханоўскай восенню 2020-га, пасля вярнуўся ў Беларусь і зноў пакінуў яе ў 2021-м.
Выезд з Беларусі супаў з назапашваннем гіганцкіх пазык ад няўдалых бізнэс-праектаў. Раней жа Скіндзераў быў судзімы за вымагальніцтва.
Увагу Скіндзераў прыцягнуў сваімі дзеяннямі, скіраванымі на раскол беларускай дыяспары.