У Расіі сцвярджаюць, што знайшлі мошчы Дзмітрыя Данскога
Падчас рэстаўрацыі Архангельскага сабора ў Маскоўскім Крамлі рабочыя разабралі надмагіллі ў склепе і адкрылі тры саркафагі. У адным з іх, як сцвярджаецца, дакладна захоўваюцца мошчы славутага маскоўскага князя XIV стагоддзя Дзмітрыя Данскога.
Падчас рамонту адзін з саркафагаў давялося часткова выцягнуць са своеасаблівага цаглянага футляра, паколькі існавала небяспека яго абвальвання і пашкоджання парэшткаў. Пасля гэтага спецыялісты пачалі даследаваць змест труны.
Але ў Рускай праваслаўнай царкве ўжо заявілі, што сапраўднасць цалкам захаваных парэшткаў Дзмітрыя Данскога пацвярджаецца сукупнасцю гістарычных звестак, археалагічнымі данымі і вынікамі антрапалагічнага даследавання. Пашкоджанае было толькі вечка саркафага.
Каля знойдзеных мошчаў ужо правёў малебен патрыярх Кірыл. Пасля яго благаслаўлення часцінкі мошчаў плануюць развезці па праваслаўных храмах у розных рэгіёнах Расіі.
Памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі назваў знаходку мошчаў Дзмітрыя Данскога «амаль казачнай», нечаканай і вельмі сімвалічнай.
Пры гэтым месца пахавання князя было вядома і раней. Яшчэ ў 2007 годзе тагачасны патрыярх Алексій II прасіў выняць часткі мошчаў з саркафага, але тады работы спынілі праз тэхнічныя складанасці з доступам да пахавання. У двух іншых саркафагах, як лічыцца, спачываюць мошчы князёў Івана ІІ Краснага (бацькі Дзмітрыя Данскога) і Дзмітрыя Жылкі (сына вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ).
Дзмітрый Данскі княжыў у Маскве з 1359 па 1389 гады, у Расіі яго шануюць найперш за перамогу над татарамі пад кіраўніцтвам цемніка Мамая 8 верасня 1380 года.
Чытайце таксама:
На Беларусі быў яшчэ адзін крыж, падобны да крыжа Еўфрасінні Полацкай. Што з ім стала?
У «ДНР» збаёдалі мошчы Аляксандра Неўскага. Іх везлі на малебен аб пераадоленні паліўнага крызісу
У Беразіне нецвярозы мужчына скраў з царквы мошчы святога Спірыдона
У Мінск прывезлі мошчы святых, якія ў РПЦ лічацца заменай святому Валянціну