У Рыме праз засуху сталі бачныя апоры старажытнарымскага моста
У Рыме праз засуху ўзровень вады ў рацэ Тыбр настолькі знізіўся, што над паверхняй зноў паказаліся рэшткі старажытнага Неронава моста. Такія выпадкі па-ранейшаму лічацца рэдкімі, але ў апошнія гады яны адбываюцца ўсё часцей на фоне працяглых хваль спякоты і засухі, піша Euronews.
Фота: AP Photo / Gregorio Borgia
Мост быў пабудаваны ў сярэдзіне I стагоддзя нашай эры. Каля дзвюх тысяч гадоў таму па ім можна было трапіць у раён, дзе сёння знаходзіцца Ватыкан. Акрамя таго, мост уваходзіў у маршрут трыумфальных шэсцяў рымскіх імператараў.
Па словах гісторыкаў, канструкцыя не вытрымлівала інтэнсіўнага руху, таму ўжо праз сто—паўтары сотні гадоў пасля будаўніцтва мост прыйшоў у заняпад. Канчаткова яго разбурылі падчас Гоцкіх войнаў у VI стагоддзі.
Праўда, рэшткі апор яшчэ доўгі час выкарыстоўваліся для ўстаноўкі вадзяных млыноў. У канцы XIX стагоддзя іх таксама разбурылі падчас будаўніцтва моста Віктара Эмануіла II.
Апошнія гады рэшткі Неронава моста ўсё часцей становяцца бачнымі над паверхняй Тыбра. Гэта звязваюць з тым, што працяглыя хвалі спякоты і засухі прыводзяць да значнага абмялення ракі.
Чытайце таксама:
У Швейцарыі праз недахоп вады забараняюць напаўняць басейны і паліваць газоны
Верагоднасць рэкордна моцнага Эль-Ніньё дасягнула 70%
З-за абмялелага Дуная Румынія спыніла працу сваёй адзінай АЭС
Чэрвень і ліпень у Заходняй Еўропе сталі самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіранняў