Беларус прадае за 30 тысяч рублёў пасведчанне паляўнічага-рыбака, якое належала Юрыю Лужкову
Адкуль у мужчыны з Мсціслава ўзяўся дакумент былога мэра Масквы?
Фота: kufar.by
На «Куфары» з'явіўся цікавы лот. У назве абвесткі сціпла пазначана: «Пасведчанне». Але кошт — ажно 30 тысяч рублёў — адразу выклікае пытанні.
Унутры кніжачкі можна пабачыць чорна-белае фота былога мэра Масквы. Напісана, што пасведчанне належыць Юрыю Міхайлавічу Лужкову, які нарадзіўся ў 1936 годзе і жыў у Маскве па адрасе вуліца Палікарпава, дом 3, кватэра 23.
Згодна з запісамі, ён стаў сябрам таварыства паляўнічых і рыбакоў 14 студзеня 1974 года, а гэтае пасведчанне атрымаў 14 верасня 1995 года.
Дарэчы, паляваннем Лужкоў сапраўды цікавіўся. Ён распавядаў у інтэрв’ю «Рускаму паляўнічаму часопісу», што ўпершыню пайшоў паляваць у 15 гадоў:
«У бацькі была стрэльба, а дзядзька быў тады адным з самых вядомых паляўнічых Калінінскай (цяпер Цвярской) вобласці. Добра памятаю першую паездку на паляванне. Гэта было зімой, і мы афлажылі ваўкоў і ліс. Падчас таго палявання наш калектыў паляўнічых здабыў чатыры лісы і аднаго ваўка. Але самым вялікім поспехам з маім сябрам, якога таксама ўзялі на паляванне, было тое, што мы змаглі выкапаць двух жывых янотаў, якіх прыцягнулі дадому».
Фота: hm-magazine.ru
Выглядае пасведчанне Лужкова даволі праўдападобна — у ім ёсць адзнакі аб аплаце ўнёскаў (па пяць савецкіх рублёў), а таксама запісы, зробленыя ў розныя гады.
Фота: kufar.by
Але ж як яно магло трапіць у рукі мужчыны з Мсціслава? Чытачка «Нашай Нівы» звязалася з аўтарам абвесткі на «Куфары». Ён сцвярджае, што некалі хадзіў на паляванне з асабістым памочнікам Лужкова — і той быццам бы падарыў пасведчанне былога кіраўніка.
Доказы сапраўднасці мужчына абяцае прадэманстраваць пры асабістай сустрэчы. Гатовы гандлявацца і скінуць некалькі тысяч рублёў.
Чытайце таксама:
Жанчына шукае праз «Куфар» жывую андатру. Навошта?
У Мінску за $6000 прадаюць манету з 1990-х, з якой адбылася неверагодная хімічная рэакцыя