«Думала, гэта расійскія рублі». Беларусаў абурыла цана лячэння сабакі
У Threads абмяркоўваюць гісторыю цяжкахворага шчанюка Мішы, лячэнне якога абярнулася для гаспадыні выдаткамі ў некалькі тысяч рублёў. Асабліва карыстальнікаў сацсеткі здзівіў кошт інфекцыйнага стацыянара — 2600 рублёў за суткі, піша выданне «Анлайнер».
Той самы шчанюк Міша. Фота: threads.com/@drayn.darien
У Мішы дыягнаставалі парвавірусны энтэрыт. Паводле слоў аўтаркі публікацыі, спачатку шчанюка змясцілі ў стацыянар, дзе за некалькі дзён на яго лячэнне выдаткавалі каля 8000 рублёў.
Пазней стан сабакі пагоршыўся і Мішу перавялі ў больш дарагі інфекцыйны стацыянар. Яго цана, сцвярджае гаспадыня, складае ўжо 2600 рублёў за суткі. Забіраць жывёліну яна не хоча праз цяжкі стан, а знайсці іншае месца пакуль не атрымалася: паводле яе слоў, іншыя клінікі адмовіліся прымаць шчанюка.
Уласна, цана і выклікала бурнае абмеркаванне. Некаторыя карыстальнікі сталі раіць іншыя ветэрынарныя клінікі і дзяліцца уласным вопытам лячэння жывёл.
«Адкуль такія цэны? Да апошняга думала, што гэта расійскія рублі, перавялі для чагосьці. Хацелася б паглядзець, што ўваходзіць у цану і як разлічвалася калькуляцыя. Туды ўклалі кошт новага дома для галоўнага ветэрынарнага доктара? Трэба, каб звярнулі на іх увагу і арганізавалі праверку. Дзе абгрунтаванне цэн?» — абурылася адна з каментатарак.
Іншая карыстальніца расказала, што сама сутыкнулася з вялікімі выдаткамі на ветэрынарную дапамогу:
«Я за лячэнне ката ў мінулым годзе пакінула 9000 рублёў. Напішу вазьму я ў МАРГ. Хай прывядуць іх да прытомнасці».
«2600 рублёў у суткі за што? Вы сабаку на курорт з лячэннем адвозіце ці што робіце?»
18 жніўня гаспадыня паведаміла, што стан гадаванца трохі палепшыўся: Міша пачаў патроху есці самастойна. Яго перавялі ў іншы, больш танны стацыянар — за 1030 рублёў у суткі.
Прычым гэта не адзіная гісторыя з вялікімі рахункамі за ветэрынарны стацыянар, якой зараз дзеляцца ў сацсетках. Яшчэ адна гаспадыня расказала пра ката, які выпаў з акна. У жывёліны дыягнаставалі разрыў лёгкага, чэрапна-мазгавую траўму і пералом лапы.
Уладальнікам прапанавалі або эўтаназію, або лячэнне ў стацыянары. Яны вырашылі змагацца за жывёліну. Паводле слоў гаспадыні, кошт такога стацыянара пачынаецца ад 800 рублёў за суткі і павялічваецца ў залежнасці ад неабходных працэдур.
Чытайце таксама:
У Варшаве напалі на пару з Беларусі пасля просьбы ўзяць сабак на павадок
Сабака ў намордніку ўсю ноч чакаў гаспадара каля крамы. Яго шукалі ўсім Threads
Mark Formelle упершыню выпусціў адзенне для сабак і катоў
Хаскі з Мінска стаў тварам новай калекцыі Mark Formelle. За гэта ён атрымаў адну футболку