«Ён, напэўна, у паралельным сусвеце жыве». Парады міністра Іванца выклікалі буру рэакцый
Мала па якіх тэмах рэакцыі настолькі адназначна негатыўныя. «Гэта ўжо не сістэма адукацыі, а рэжым. Дзеці школу ненавідзяць».
Ілюстрацыйнае фота: Заря
Нядаўняе інтэрв’ю міністра адукацыі Андрэя Іванца выклікала бурныя эмоцыі сярод беларускіх бацькоў і вучняў. Кіраўнік ведамства заявіў, што катэгарычна не прымае паслуг рэпетытараў, лічачы школьную праграму настолькі простай, што любыя тата ці маці здольныя самастойна дапамагчы свайму дзіцяці. Больш за тое, міністр падкрэсліў: яго ўласныя дзеці дадатковых настаўнікаў не наведваюць, і гэта яго прынцыповая пазіцыя.
Відэаролік з гэтымі тэзісамі ў TikTok за суткі набраў амаль паўмільёна праглядаў, сабраўшы звыш 1600 каментароў.
Першае, што зацікавіла інтэрнэт-карыстальнікаў — гэта ўмовы, у якіх вучацца дзеці самога міністра.
Самай папулярнай стала заўвага, якая набрала звыш 8 тысяч лайкаў: «відаць, у яго дзеці ў прыватнай».
У адказ на гэта іншыя скептычна дадалі: «яго дзеці не плануюць вучыцца ў РБ».
Градус незадаволенасці працай міністэрства аказаўся настолькі высокім, што пытанне «Калі яго здымуць з пасады» апынулася на другім месцы па папулярнасці (амаль 6 тысяч упадабанняў).
Людзі таксама тонка падкалолі Іванца: «Як доўга міністр у свой час працаваў у школе?». Рэч у тым, што стаўленік Аляксандра Лукашэнкі не працаваў у школе ні дня.
Агульны настрой каментатараў можна апісаць адной фразай: «Ён, напэўна, у паралельным сусвеце жыве».
Беларусы перакананыя, што за адукацыйны працэс павінна адказваць школа, а не бацькі:
«А настаўнік тады што робіць на працоўным месцы?»;
«А можа, настаўнікі пачнуць выкладаць, а не на бацькоў усё скідваць».
«Нават песня такая ёсць: вучаць у школе, а не бацькі павінны дапамагаць».
«Мне здаецца, што з урокамі павінны дапамагаць настаўнікі, а калі дзеці не разумеюць, то ўжо пытанне да тых, хто іх вучыць».
Хто павінен карміць, а хто — вучыць?
Па меркаванні большасці, задача бацькоў — забяспечыць базавыя патрэбы дзіцяці і яго псіхічны стан, а не выконваць функцыі выкладчыкаў па ўсіх прадметах.
«Бацькі жывуць на працы, каб утрымліваць сям'ю», — пішуць карыстальнікі. Гэтую думку развіваюць і іншыя:
«Так, пачакайце, задача настаўніка — навучыць, мая задача — апрануць, накарміць, выхаваць эмацыйна стабільным і псіхічна ўраўнаважаным чалавекам, падказаць у жыцці, як паступаць, але ВУЧЫЦЬ ёсць ШКОЛА!»;
«Бацька павінен зрабіць так, каб дзіця было бадзёрым, ветлівым, сытым і ахайна апранутым. НАВУЧАННЕ — ГЭТА ВОТЧЫНА ЎСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ».
Не абышлося і без іроніі ў бок самога міністра:
«А міністры, напэўна, замест бацькоў на працу хадзіць будуць, а таксама бытавымі момантамі займацца».
Карытальнікі звяртаюць увагу і на кампетэнцыю бацькоў у тых галінах, якія яны самі не вывучалі або даўно забыліся.
«Так-так, бацькі дапамогуць з замежнай мовай, якой яны не вучылі, і не толькі».
Да абмеркавання далучыліся і самі вучні:
«Не думаю, што ў бацькоў ёсць жаданне дапамагаць нам з урокамі пасля працы».
«У мяне бацькі працуюць па 12 гадзін, у іх часу і сіл хапае толькі на тое, каб спытаць, як у мяне прайшоў дзень».
«Мазгі закіпаюць»
Калі для міністра праграма «простая», то тыя, хто сутыкаецца з сучаснымі падручнікамі штодня, ставяць пад сумнеў адэкватнасць навучальных матэрыялаў:
«А ён падручнікі ў рукі браў?».
«Міністр такі ж, як школьная праграма».
«Выпуск 2005 г. Цяпер 2026 г., дачка ў 9 клас ідзе. Пытанне. Ці памятаю я, што было ў школьнай праграме, калі яна кожны год мяняецца?»
Каментатары дзеляцца ўласным досведам:
«Мая ўнучка прачытала ўслых гісторыю… я вытрымала толькі адзін абзац!!!! Мазгі закіпаюць, закруцілі, завярцелі так… Раней даты мы вучылі і гісторыю, а цяпер там……»
«Вам яшчэ матэматыку не чыталі. Вось дзе выбух усяго. А я наіўна меркавала, што ведаю матэматыку», — заўважае яшчэ адзін каментатар.
Сістэмны крызіс
Некаторыя каментатары глядзяць на праблему глыбей, звязваючы стан адукацыі з агульнай палітычнай сітуацыяй у краіне. Для іх словы міністра — толькі вяршыня айсберга:
«Беларуская адукацыя — дно. Патрэбна рэформа, і найсур'ёзнейшая. Ператварылі ў нейкае знясільваючае катаванне для дзіцяці і для бацькоў. Забіваюць індывідуальнасць, творчасць, гэта ўжо не сістэма адукацыі, а рэжым. Дзеці школу ненавідзяць».
Пры гэтым людзі спачуваюць і самім настаўнікам, якія сталі закладнікамі сістэмы:
«Вы сабе ўявіць не можаце, як пакутуюць настаўнікі і адміністрацыя школ ад міністэрства і такіх міністраў!»;
«Як і паўсюль у такіх арганізацыях Беларусі, загад на загадзе, праверка на праверцы. Працаваць няма калі, настаўнікі таксама закладнікі гэтага рэжыму».
Ці ёсць тыя, хто згодны?
Справядлівасці дзеля варта адзначыць, што знайшліся і тыя, хто падтрымаў меркаванне міністра. Аднак такія галасы засталіся ў відавочнай меншасці:
«Ну ў нечым ён мае рацыю, ну не такая складаная адукацыя, вядома, ёсць складаныя тэмы, але калі ты не можаш нешта зразумець, то можна проста і без рэпетытараў, якраз з тымі ж бацькамі, або хопіць нават аднаго відэа на тым жа ютубе».
Чытайце таксама:
Міністр адукацыі: Рэпетытараў не ўспрымаю ад слова «зусім»
Міністр адукацыі Іванец заявіў, што дырэктар школы павінен сам здымаць пробу ў школьнай сталовай
У кожнага пятага настаўніка ў беларускай школе вопыт меншы за 10 гадоў