БЕЛ Ł РУС

Як ідзе рэстаўрацыя галоўнага корпуса БДУ ФОТЫ

20.08.2026 / 15:55

Nashaniva.com

Галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску цяпер рэстаўруюць. Будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму за работамі сочаць навукоўцы, каб падчас абнаўлення захаваць ягоны гістарычны выгляд, піша «Мінскбуд».

Фота: «Мінскбуд»

Рэканструкцыя закранае як унутраныя памяшканні, так і фасады. У будынку цяпер працуюць больш за 120 чалавек — тынкоўшчыкі, сантэхнікі, электрыкі, спецыялісты па сцяжцы падлог і іншыя рабочыя. Асноўныя складаныя работы ўжо выкананыя, цяпер ідзе этап аздаблення.

Да верасня плануюць завяршыць узмацненне канструкцый. Паралельна рабочыя робяць сцяжку падлог, пракладаюць электрычныя і сантэхнічныя сеткі, тынкуюць сцены і перагародкі.

Фота: «Мінскбуд»

Інжынерныя сістэмы будынка цалкам заменяць, у тым ліку сістэму ацяплення. Яе працаздольнасць можна будзе праверыць з надыходам халадоў, калі ўключаць ацяпленне.

Таксама ў галоўным корпусе мяняюць старыя ліфты. Работы праводзяць уручную: спачатку ўмацоўваюць каркас, затым усталёўваюць невялікую апалубку ярусамі прыкладна па паўтара метра і заліваюць бетон, паступова падымаючыся з паверха на паверх.

Фота: «Мінскбуд»

Вокны пры гэтым вырашылі пакінуць ранейшымі. Іх часова знялі, каб правесці работы па ўзмацненні міжаконняў, пасля чаго вокны вернуць на свае месцы.

Рэстаўрацыя фасада з боку ўніверсітэцкага двара павінна пачацца ўжо ў жніўні. Найперш там абновяць дах: заменяць пакрыццё, сістэму крокваў і слыхавыя вокны.

Асаблівую ўвагу надаюць элементам, якія з'яўляюцца адметнымі рысамі галоўнага корпуса БДУ. У першую чаргу гэта дубовыя ўваходныя дзверы і вітражы бібліятэкі. Іх плануюць аднавіць і вярнуць будынку ранейшы выгляд.

Фота: «Мінскбуд»

За рэстаўрацыяй гэтых элементаў таксама сочаць спецыялісты і навукоўцы. Галоўная задача — абнавіць будынак, але пры гэтым не страціць ягоныя гістарычныя і архітэктурныя асаблівасці.

Чытайце таксама:

Будаўнікі метро скончылі работы пад рэчышчам Свіслачы

У Лошыцкім парку адновяць разбураныя капліцу і млын. Як яны будуць выглядаць пасля рэканструкцыі

Пацярпелы ад пажару дом у цэнтры Мінска накрылі часовым дахам і паскараюць капітальны рамонт

Падземны пераход са шклянымі кубамі на Арлоўскай амаль гатовы

Каментары да артыкула