БЕЛ Ł РУС

Прафесійная актрыса з Бабруйска пакінула тэатр і стала дзіцячай медсястрой

20.08.2026 / 16:41

Nashaniva.com

Юлія Кісакова дзесяць гадоў працавала актрысай Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Аднак у 30 гадоў яна вырашыла змяніць прафесію і паступіла ў медыцынскі каледж. Сёння ўжо пяты год яе асноўнае месца працы — дзіцячая паліклініка № 1, піша sb.by.

Фота: sb.by

Юлія вырасла ў сям'і, дзе бацькі не былі звязаныя з творчай прафесіяй. Маці працавала брыгадзіркай у сельскагаспадарчым прадпрыемстве, а пазней паштальёнкай, бацька быў кіроўцам. Сама дзяўчына, аднак, з дзяцінства захаплялася творчасцю: скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, а затым Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў, дзе атрымала спецыяльнасць рэжысёра народных абрадаў і святаў.

Пазней яна паступіла завочна ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. На той момант Юлія ўжо працавала ў Доме культуры ў аграгарадку Цялуша Бабруйскага раёна. Падчас вучобы яна пераразмеркавалася ў тэатр і хутка стала часткай яго трупы.

На пятым курсе Юлія выйшла замуж і нарадзіла дачку Віку. Вучобу яна не перапыняла нават пасля нараджэння дзіцяці. У тэатры жанчына спачатку марыла працаваць у лялечным тэатры, але ў выніку атрымала спецыялізацыю актрысы драматычнага тэатра і кіно. Адной з самых любімых яе роляў стала Кацярынка ў спектаклі паводле твора Янкі Купалы «Прымакі». Яна таксама стварыла шмат дзіцячых вобразаў — Снягуркі, Снегавіка, Ёлачкі і добрага вожыка-«некалючкі».

Фота: sb.by

У 30 гадоў актрыса паведаміла кіраўніцтву тэатра, што хоча цалкам змяніць прафесійны кірунак і пайсці ў медыцыну. Цяпер Юлія працуе ўчастковай педыятрычнай медсястрой. Яна ўзважвае немаўлят, вымярае іх рост, а таксама выязджае дадому да дзяцей пасля выпіскі з радзільні. Падчас такіх наведванняў правярае ўзровень білірубіну, апрацоўвае пупочную ранку і сочыць за станам нованароджаных. Старэйшым дзецям яна таксама выдае неабходныя даведкі.

Працоўны дзень медсястры можа працягвацца з 8‑й да 17‑й гадзіны або з 11‑й да 20-й. Нягледзячы на заняты графік, Юлія стараецца знаходзіць час для дачкі, хатніх спраў і адпачынку.

Пры гэтым Юлія не адмовілася ад творчасці. Яна па-ранейшаму працуе аніматарам на дзіцячых святах — гэтым яна займаецца яшчэ з 19 гадоў. Акрамя таго, яе запрашаюць у Мінск на здымкі судовых ток-шоу, дзе яна выконвае розныя ролі: жанчын, якія разводзяцца, удоў, што дзеляць маёмасць, і дзяўчат, якім здрадзілі блізкія.

Пры гэтым жанчына называе сябе «вечнай студэнткай» і ўжо думае пра новую вучобу. У далёкіх планах у яе зноў паступленне ў навучальную ўстанову. Што гэта будзе за спецыяльнасць, Юлія пакуль трымае ў сакрэце, але запэўнівае, што яна не будзе звязаная ні з медыцынай, ні з творчасцю.

Чытайце таксама:

Сталі вядомыя абставіны смерці 36‑гадовай актрысы Панецьер, былой нявесты Уладзіміра Клічко

Мадэль з Мінска ў Геленджыку: «З вечара сірэна за сірэнай. Выбухі. Мы з дзіцём у туалеце ляжым»

Эн Хэтэўэй у сацсетках раскрытыкавалі за «фальшывы жывот»

Актрыса з «Гары Потэра» зарабіла на «Онліфанс» больш, чым за ўсе свае здымкі ў кіно

Каментары да артыкула