У Івацэвіцкім раёне мужчына дзеля забавы абстраляў з пнеўматыкі раварыста
У Івацэвіцкі РАУС звярнуўся 53‑гадовы мужчына, які паведаміў, што невядомы чалавек нанёс яму цялесныя пашкоджанні.
Скрыншот з відэа
Мужчына ехаў на ровары па дарозе каля адной з вёсак Івацэвіцкага раёна. У гэты момант міма яго на легкавым аўтамабілі праязджаў 21‑гадовы жыхар суседняй вёскі, які нідзе не працуе і раней ужо трапляў у поле зроку сілавікоў. У машыне разам з ім знаходзілася знаёмая.
Малады чалавек апусціў шкло з боку пасажырскага месца і без усялякай прычыны зрабіў па раварысту не менш за тры стрэлы з пнеўматычнага пісталета. Мужчыну абстралялі металічнымі шарыкамі.
Супрацоўнікам міліцыі хлопец растлумачыў, што набыў пнеўматычны пісталет і камплектуючыя да яго ў адной з інтэрнэт-крам. Па незнаёмым чалавеку ён страляў, паводле яго слоў, проста дзеля забавы.
Падчас ператрусу па месцы жыхарства падазраванага міліцыянеры знайшлі і канфіскавалі пнеўматычны пісталет, сем металічных балонаў і пластыкавую ёмістасць з металічнымі шарыкамі.
У дачыненні да маладога чалавека распачалі крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства. Яго ўзялі пад варту. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
У Лоеве брыгадзе хуткай дапамогі пагражалі пісталетам
У Дзятлаўскім раёне мужчына зладзіў прыцэльную стральбу па дарожных знаках
У Гомелі мужчына запалохваў сям'ю пісталетам