БЕЛ Ł РУС

Трамп хоча назваць сваім іменем авіяносец

21.08.2026 / 16:56

Nashaniva.com

Вайскова-марскія сілы ЗША абмяркоўваюць магчымасць перайменаваць авіяносец, які цяпер будуецца пад папярэдняй назвай USS Doris Miller, у гонар прэзідэнта Дональда Трампа. Пра гэта паведамляюць CNN і NBC News са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

Дональд Трамп. Фота: AP Photo / Mark Schiefelbein

Калі такое рашэнне прымуць, то яно стане беспрэцэдэнтным: раней ніводзін амерыканскі авіяносец не называўся ў гонар прэзідэнта, які на той момант знаходзіўся на пасадзе.

Першапачаткова авіяносец класа «Форд» вырашылі назваць у гонар Дорыса «Доры» Мілера — чарнаскурага матроса ВМС ЗША, які праславіўся падчас нападу Японіі на Пёрл-Харбар. Пра гэта ВМС абвясцілі ў студзені 2020 года, падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Трампа. Паводле CNN, пытанне аб перайменаванні карабля абмяркоўваецца яшчэ з пачатку 2026 года.

Пры гэтым ВМС разглядаюць магчымасць назваць імем Мілера іншы вайсковы карабель. Яго таксама вылучылі на атрыманне Медаля Пашаны — найвышэйшай вайсковай узнагароды ЗША. Томас Блэдсоу, унучаты пляменнік Мілера, заявіў, што сям'і пра змену планаў не паведамлялі.

Як паведамляе CNN, у саміх ВМС карабель ужо фактычна перасталі называць USS Doris Miller і выкарыстоўваюць ягоны бартавы нумар CVN-81. У нядаўнім указе Белага дома аб развіцці вайсковага караблебудавання ён таксама згадваўся толькі як CVN-81.

Вайскова-марскім сілам неабходна вызначыцца з назвай да цырымоніі закладкі кіля, якая чакаецца ў канцы гэтага года. Перадача авіяносца флоту, паводле USNI News, адбудзецца не раней за 2034 год.

Права даваць назвы вайсковым караблям належыць міністру ВМС, аднак міністр абароны звычайна таксама актыўна ўдзельнічае ў выбары назваў для авіяносцаў. Таму канчатковае рашэнне будуць прымаць міністр абароны Піт Хегсет і выканаўца абавязкаў кіраўніка ВМС ЗША Хунг Каа.

Дорыс Мілер служыў у ВМС з 1939 года і працаваў памочнікам у сталовай. Ён не меў спецыяльнай падрыхтоўкі па абыходжанні з зенітнай зброяй, але падчас атакі на Пёрл-Харбар заняў месца каля кулямёта і адкрыў агонь па японскіх самалётах. Пасля гэтага Мілер дапамагаў эвакуяваць параненых.

У 1942 годзе адмірал Чэстэр Німіц узнагародзіў яго Вайскова-марскім крыжам. Прыкладна праз год Мілер загінуў у бітве пры Макіне пасля таго, як японская тарпеда трапіла ў ягоны карабель.

Чытайце таксама:

У КНДР не ацанілі рашэнне Трампа скараціць маштаб вучэнняў з Паўднёвай Карэяй

Трамп абвясціў пра пачатак «самай разбуральнай эканамічнай аперацыі» супраць Ірана

Трамп пацвердзіў планы сустрэцца з Кім Чэн Ынам

У Іране назвалі каманду Трампа «клоўнамі» на фоне спрэчкі вакол Армузскага праліву

Каментары да артыкула