На Міншчыне пабудавалі загадкавую капліцу. Што пра яе вядома?
Вандроўнікі заўважылі ў Мінскай вобласці незвычайную драўляную капліцу, будаўніцтва якой амаль завершана. Выклікае здзіўленне тое, што культавы аб'ект узведзены ўдалечыні ад населеных пунктаў — ва ўрочышчы сярод палёў паміж вёскамі, піша выданне Katolik.life.
Невялікі будынак выглядае загадкава, адзначаюць вандроўнікі. Ён знаходзіцца на мяжы Стаўбцоўскага і Валожынскага раёнаў.
Журналісты знайшлі гэты пункт на кадастравай карце Беларусі, на якой пазначана, што мэтавае прызначэнне ўчастка — «для будаўніцтва і абслугоўвання культавага збудавання — капліцы ў раёне вёскі Вірлавічы» ў Літвенскім сельсавеце (вёска Літва).
Гэта пацвярджае, што пад каталіцкую капліцу ўчастак выдзелілі рэлігійнай супольнасці.
Пакуль ніякіх звестак — хто яе збудаваў, у якіх мэтах, да якой парафіі яна адносіцца і які мае тытул — у адкрытым доступе няма. Не ведаюць пра капліцу і мясцовыя вернікі. Але вось што ўдалося высветліць.
Найбліжэйшая да гэтага пункта дзейная каталіцкая парафія — у вёсцы Рочавічы. Ёй апякуюцца айцы францішкане з Івянца. Парафія мае сваю капліцу, але, верагодна, атрымала гэты ўчастак пад новы культавы аб'ект, які маглі пабудаваць манахі для сваіх патрэб. Застаецца чакаць, што пасля завяршэння работ пра капліцу і яе прызначэнне абвесцяць афіцыйна.
У даных кадастравай карты значыцца, што гэты зямельны ўчастак у Стаўбцоўскім раёне атрымаў адпаведны статус у 2019 годзе, але пабудавалі капліцу толькі цяпер. На спадарожнікавых здымках Google Maps ад вясны 2026 года на ўчастку бачны толькі насып пад падмурак будынка.
Чытайце таксама:
Прызналі «экстрэмісцкім» у Беларусі польскае каталіцкае выданне
У Суле перапахавалі астанкі апошніх уладальнікаў маёнтка Ленскіх
Руіны касцёла ў Бабруйску бясплатна аддалі «кашальку» Лукашэнкі Аляксандру Зайцаву