БЕЛ Ł РУС

Францыя перадасць Украіне дадатковыя ракеты-перахопнікі

22.08.2026 / 23:14

Nashaniva.com

Францыя ўзмоцніць вайсковую падтрымку Украіны і перадасць ёй дадатковыя ракеты-перахопнікі для абароны ад расійскіх паветраных атак. Пра гэта 22 жніўня заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у сацсетцы X пасля размовы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Уладзімір Зяленскі і Эмануэль Макрон. Фота: AP Photo/Thomas Padilla

Макрон паведаміў, што падчас размовы выказаў Зяленскаму спачуванні і абурэнне ў сувязі з расійскай атакай на гандлёвы цэнтр «Сонечная галерэя» ў Крывым Рогу. У выніку гэтага ўдару загінулі 16 чалавек, яшчэ дзевяць, у тым ліку двое дзяцей, лічацца зніклымі без вестак. Раненні атрымалі 130 чалавек, сярод іх 25 дзяцей.

Французскі прэзідэнт заявіў, што Расія працягвае ўзмацняць агрэсію і сістэматычна атакуе цывільнае насельніцтва. На яго думку, Украіне неабходна даць усе неабходныя сродкі для абароны паветранай прасторы.

Макрон таксама паведаміў пра працяг супрацоўніцтва ў рамках так званай «антыбалістычнай кааліцыі». Дамоўленасць пра яе стварэнне была дасягнутая 13 ліпеня на сустрэчы ў Парыжы. У кааліцыю ўваходзяць Германія, Украіна, Данія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Нарвегія, Іспанія, Швецыя і Вялікабрытанія.

Асобнай тэмай застаецца французская вайсковая тэхніка для Украіны. Раней Францыя і Украіна падпісалі дэкларацыю аб намерах, якая прадугледжвае будучую закупку Кіевам французскіх знішчальнікаў Rafale і сучасных сістэм супрацьпаветранай абароны.

Макрон заклікаў іншыя краіны, якія маюць адпаведныя магчымасці, далучацца да падтрымкі Украіны. Паводле яго слоў, ціск на Расію неабходна працягваць, пакуль Масква не пагодзіцца спыніць баявыя дзеянні і не пойдзе на мір.

Прэзідэнты Францыі і Украіны таксама абмеркавалі сустрэчу «кааліцыі ахвотных», запланаваную на 24 жніўня. Макрон заявіў, што сумесныя дзеянні дзяржаў, якія падтрымліваюць Украіну, павінны дапамагчы ёй супрацьстаяць расійскай агрэсіі.

Чытайце таксама:

Расія ўдарыла па ратавальніках, якія працавалі на месцы ўдару па гандлёвым цэнтры ў Крывым Розе. Лік пацярпелых перавысіў сотню

Расіяне нанеслі ўдар па найбуйнейшым гандлёвым цэнтры Крывога Рога

У Кіеве пашкоджаны кожны трэці дом у выніку расійскіх атак

Украінцы, якія ваявалі за Расію і былі ўзятыя ў палон, расказалі, чаму працягваюць яе любіць

Каментары да артыкула