БЕЛ Ł РУС

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме

24.08.2026 / 20:31

Міра Нікановіч

Некалі Захар паступіў па мэтавым накіраванні ў каледж — рыхтаваўся працаваць на вежавым кране. Праз праблемы са здароўем давялося кінуць вучобу, і каледж хацеў спагнаць з Захара велізарную суму, але хлопец выйграў суд.

Фота: zaharfrab_2 / TikTok

Усё пачалося ў 2022 годзе. Захар расказаў у тыктоку, што тады ён, непаўналетні, паступіў у каледж і разам з маці падпісаў мэтавую дамову з кампаніяй «Упраўленне механізацыі №79». Пасля выпуску хлопец мусіў адпрацаваць два гады па мэтавым накіраванні, але ж гэта яго не бянтэжыла.

На другім курсе з’явіліся праблемы — Захара пачаў цкаваць куратар:

«Мяне проста выжывалі, я трапіў у бальніцу. Пісаў скаргі ва ўсе інстанцыі: у Міністэрства [адукацыі], у Камітэт па адукацыі, у Мінгарвыканкам. Дайшоў да члена Савета рэспублікі. Бессэнсоўна — усе скаргі адпраўлялі назад у каледж. І пасля гэтага пачалася сапраўдная вайна, мяне проста зненавідзелі».

Калі Захара залічылі на трэці курс, у яго мусіла пачацца вытворчая практыка. Але з ёй было складана, бо ў хлопца пачала часта кружыцца галава, а з такой праблемай працаваць на вежавым кране, то-бок на вышыні, небяспечна.

Захар казаў майстрам, што яму дрэнна, але ў адказ яго проста пачалі раней адпускаць з практыкі. Хлопец звяртае ўвагу: перад практыкай яго не адправілі на медагляд і дапусцілі да працы проста па даведцы для фізкультуры. У каледжы, аднак, лічаць, што Захар сам мусіў ведаць пра свой стан.

У выніку хлопца адлічылі, патлумачыўшы гэта тым, што ён нібыта прагульшчык і таму не прайшоў вытворчую практыку. А далей распачаліся суды:

«Супраць мяне падалі позву, каб спагнаць у мясцовы бюджэт сродкі за навучанне. Прасілі 13 190 беларускіх рублёў. Мы судзіліся 2,5 месяца, і суд вырашыў накіраваць мяне на медкамісію — гэта не з ініцыятывы каледжа, а з ініцыятывы суда Ленінскага раёна Мінска».

На той медкамісіі зрабілі выснову, што Захар не прыдатны для праходжання практыкі, бо для яго гэта проста небяспечна. Тады ў каледжы вырашылі адклікаць пазоў.

Але Захар не спыніўся на маленькай перамозе і сам падаў пазоў на каледж. Хлопец запатрабаваў, каб загад па ягоным допуску на практыку і само яго адлічэнне прызналі незаконным, а таксама замянілі фармулёўку пра прагулы ў паперах аб адлічэнні. Захар прызнае, што часам прапускаў практыку, але пісаў у тлумачальных, што ў яго кружыцца галава.

У адказ на ягоную позву каледж наняў адваката, які вырашыў вярнуцца да таго самага пазову на 13 190 рублёў. Пасля першых пасяджэнняў Захар не хаваў эмоцыі ў тыктоку:

«Не сорамна? Вы самі, калі пабачылі дыягназ у судзе, адмовіліся ад іску. А цяпер, калі я прашу ўсяго толькі выправіць мне дакументы, бо вы сказалі, што гэта толькі праз суд, вы наймаеце адваката і спрабуеце мяне расціснуць».

Захар расказвае, што на судовых паседжаннях адвакат зачытваў яго старыя характарыстыкі, называў хлопца прагульшчыкам і маніпулятарам. Сам Захар тым часам атрымаў ліст ад чыноўнікаў, што тыя прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці намесніка дырэктара па вытворчым навучанні і майстра вытворчага навучання — супрацоўнікаў каледжа, якія не праверылі наяўнасць у яго медагляду.

19 жніўня суды для хлопца нарэшце закончыліся. Захар зноў перамог: яго накіраванне на практыку і адлічэнне прызналі незаконнымі, і вяртаць грошы не давядзецца.

«Я не зламаўся, я не спужаўся, прайшоў гэты шлях да канца. Справядлівасць ёсць, і я гэта даказаў», — радуецца хлопец.

Чытайце таксама:

Вы не пазнаеце раёна плошчы Перамогі. Там з'явіцца пешаходная вуліца і незвычайны трамвай

«Ішлі ў адной звязцы». Што адбылося з беларусамі ў гарах Кыргызстана

«Усе, хто хацеў, працу знайшлі». Як жывуць беларускія айцішнікі ў Латвіі

Каментары да артыкула