БЕЛ Ł РУС

У Гомелі паказалі бівень маманта з самым старажытным арнаментам у Беларусі

24.08.2026 / 16:45

Nashaniva.com

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адкрылася выстава, прысвечаная 100‑годдзю адкрыцця Бердыжскай стаянкі чалавека эпохі верхняга палеаліту, піша Times.by.

Фота: Гомельскі палацава-паркавы ансамбль

Бердыжскую стаянку ў 1926 годзе адкрыў археолаг Канстанцін Палікарповіч. Яе ўзрост ацэньваецца прыкладна на 23,5 тысячы гадоў, і яна з’яўляецца адным з найстаражытнейшых археалагічных помнікаў на тэрыторыі Беларусі.

Цэнтральным экспанатам выставы стала ўнікальная пласціна з біўня маманта з выгравіраваным арнаментам. Яе знайшлі яшчэ ў 1970 годзе падчас даследаванняў Бердыжскага археалагічнага комплексу.

Доўгі час знаходка захоўвалася ў археалагічным кабінеце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пазней была перададзеная ў музей. У навуковае абарачэнне артэфакт увялі толькі сёлета. Раней яго памылкова лічылі копіяй больш старажытнай знаходкі. Пасля ачысткі і рэстаўрацыі высветлілася, што гэта сапраўдная пласціна з біўня маманта.

У сабраным выглядзе яна мае 18,5 сантыметра ў даўжыню і 14,8 сантыметра ў шырыню. На яе паверхні старажытны чалавек нанёс абстрактны геаметрычны арнамент з насечак, касых крыжоў і зігзагаў.

Навукоўцы адзначаюць, што характар гэтых выяў адпавядае арнаментальным традыцыям верхняга палеаліту цэнтральнай часткі Усходне-Еўрапейскай раўніны.

Такім чынам, у Гомелі цяпер можна ўбачыць адзін з самых унікальных узораў палеалітычнага мастацтва, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі.

Чытайце таксама:

У Гомелі вадалаз выпадкова знайшоў у Сожы косткі мамантаў і бізонаў

Старажытныя суслікі елі мяса мамантаў. Доказ знайшлі ў іх какашках

Знойдзены пад Віцебскам бівень маманта магло прынесці туды талымі водамі

Пад Віцебскам будаўнікі выпадкова знайшлі бівень маманта ФОТАФАКТ

Каментары да артыкула