У Панаме з пластыкавых бутэлек пабудавалі цэлы жылы комплекс
У 2012 годзе канадзец Роберт Безо, які пераехаў на панамскі архіпелаг Бокас-дэль-Тора, звярнуў увагу на вялікую колькасць смецця, якое пасля сябе пакідалі турысты. Асабліва шмат было пластыкавых бутэлек. Мужчына далучыўся да праекта па перапрацоўцы адкідаў і прапанаваў выкарыстоўваць ПЭТ-бутэлькі ў якасці будаўнічага матэрыялу.
Фота: Plastic Bottle Village
Так паступова ўзнік праект Plastic Bottle Village — жылы комплекс, пры будаўніцтве якога выкарыстаныя пластыкавыя бутэлькі сталі часткай сцен.
Безо, які меў досвед працы ў вытворчай сферы, распрацаваў адмысловую модульную сістэму. Пустыя бутэлькі змяшчалі ў сталёвыя клеткі, якія пасля злучалі паміж сабой і ўбудоўвалі ў сцены будынкаў. У залежнасці ад памеру ў адной клетцы магло знаходзіцца ад 120 да 300 бутэлек. Такія модулі дазвалялі ствараць будынкі розных памераў і канфігурацый.
Да 2017 года ў рамках праекта пабудавалі два дамы і незвычайны чатырохпавярховы замак, які атрымаў назву «Замак натхнення». На яго ўзвядзенне пайшло каля 40 тысяч пластыкавых бутэлек з-пад вады і газаваных напояў. Замак і сёння можна наведаць на архіпелагу Бокас-дэль-Тора.
Аўтары праекта сцвярджаюць, што такая тэхналогія дазваляе не толькі змяншаць колькасць пластыкавых адкідаў, але і выкарыстоўваць іх у будаўніцтве замест традыцыйных матэрыялаў.
Падобны эксперымент правялі і ў Коста-Рыцы, дзе пабудавалі дом з перапрацаванага пластыку. Для яго стварэння выкарысталі каля 7 тон пластыкавых адкідаў, з якіх вырабілі спецыяльныя блокі, што злучаюцца паміж сабой па прынцыпе канструктара.
Чытайце таксама:
Як эксперымент у Слуцку паказаў камунальнікам, што прычына смецця не ў людзях, а ў іх працы
Пластыкавыя бутэлькі могуць не толькі засмечваць акіян, але і ратаваць жыцці дэльфінаў
У Беларусі закрылі праект па ўстаноўцы «бутэлькаматаў». Гэта была ўжо не першая спроба
Чаму ў Беларусі піва разліваюць у пластыкавыя бутэлькі, а ў Еўропе больш у шкло і бляшанкі
На Вялікай ціхаакіянскай смеццевай пляме знайшлі дзясяткі відаў жывых істот