На Дзень незалежнасці Украіны ў Кіеве правялі парад вайсковых робатаў — на зямлі, ў вадзе і ў паветры ВІДЭА
На Храшчаціку ў Кіеве да Дня незалежнасці Украіны правялі незвычайны «парад новага пакалення» — замест вайскоўцаў цэнтральнай вуліцай горада праехала калона наземных рабатызаваных комплексаў, якія выкарыстоўваюцца ўкраінскімі вайскоўцамі на фронце, піша Hromadske.
Скрыншот з відэа
Падчас урачыстасцяў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што пасля заканчэння вайны Украіна можа стаць сапраўдным донарам бяспекі для сваіх партнёраў, Еўропы і іншых дзяржаў, якія падтрымлівалі краіну. Паводле яго слоў, на парадзе паказалі тэхналогіі, з дапамогай якіх Украіна абараняе жыццё сваіх людзей.
Па Храшчаціку праехалі наземныя робаты «Рысь PRO» і «Тэрміт», прызначаныя для лагістычных, эвакуацыйных і баявых задач. Такія комплексы могуць перавозіць боепрыпасы, ваду і ежу, а таксама дапамагаць эвакуяваць параненых. Адначасова аператары дэманстравалі ўкраінскія беспілотнікі, у тым ліку дрон-перахопнік P1-Sun.
Акрамя наземнай тэхнікі, былі паказаныя і надводныя беспілотныя сістэмы «Магура», Sea Baby і «Сарган». Такім чынам, арганізатары хацелі падкрэсліць развіццё ўкраінскіх вайсковых тэхналогій на сушы, у вадзе і ў паветры.
У Міністэрстве абароны Украіны паведамілі, што з пачатку 2026 года наземныя рабатызаваныя комплексы ўжо выканалі больш за 100 тысяч місій. Яны займаліся дастаўкай неабходных грузаў і эвакуацыяй параненых. У ліпені колькасць такіх задач дасягнула амаль 20 тысяч супраць 7,5 тысячы ў студзені.
Мінабароны ўжо закантрактавала больш за 22 тысячы наземных робатаў. Акрамя таго, з пачатку года ўкраінскія вайскоўцы праз Brave1 Market заказалі такую тэхніку амаль на 1,9 мільярда грыўняў (каля 42,5 мільёна даляраў).
У міністэрстве падкрэслілі, што выкарыстанне робататэхнікі дазваляе зніжаць рызыку для вайскоўцаў, паколькі частку небяспечных задач могуць выконваць машыны замест людзей.
Чытайце таксама:
Каліноўцы паказалі, як карыстаюцца транспартным робатам
На фронце ва Украіне выпрабавалі чалавекападобных робатаў
ЗША перадалі Украіне двух гуманоідных робатаў, каб праверыць іх у баявых умовах
Сакрэтная зброя. Як украінскі робат-кулямётчык стрымліваў расіян шэсць тыдняў