У Мінску ладзяць вялікі жаночы форум з Хакамадай — квіткі ад 250 рублёў, сярод спікераў псеўданавукоўка
12 верасня ў Мінску збіраюць дзве тысячы жанчын на вялікі форум. Беларускам прапануюць незвычайных выступоўцаў — ад расіянкі Ірыны Хакамады да псеўданавукоўкі, якая міксуе ядзерную фізіку з магіяй.
Фота: protebya.by
Форум, пра які ідзе гаворка, ладзяць у мінскай Falcon Club Arena, назвалі яго «PROТЕБЯ: новый рубеж». Арганізатары плануюць сабраць залу на 2000 чалавек.
Галоўны твар форума — Ірына Хакамада. Некалі эканамістка і ліберальны палітык, цяпер гэтая расіянка зарабляе на жыццё бізнэс-трэнінгамі.
У Мінску Хакамада выступіць з лекцыяй «Энергія. Зараджэнне і кіраванне». Абяцаюць, што Ірына раскажа пра сваю гіпотэзу трох відаў энергіі: зямную энергію, то-бок фізічную, а таксама творчую і інтэлектуальную.
«Ірына Хакамада патлумачыць, як адрозніць адзін від энергіі ад іншага, як папаўняць кожны з іх паасобку і чаму нельга выкарыстоўваць творчую энергію для вырашэння інтэлектуальных задач і наадварот», — пішуць на сайце праекта.
Абяцаюць і яшчэ некалькі бізнэс-трэнерак і матывацыйных спікерак. Сярод іх асабліва адзначым Катрыну Ар’е. Гэтую выпускніцу Маскоўскага дзяржуніверсітэта прадаюць як фізіка-ядзершчыка з досведам працы на Вялікім адронным калайдары і папулярызатарку навукі.
Перш за ўсё, працаваць на калайдары яна не магла: Катрына піша на ўласным сайце, што прысвяціла 20 гадоў маркетынгу, то-бок пайшла ў тую сферу не пазней за 2006-ты, а калайдар запрацаваў у 2008-м. Праўда, у інстаграме жанчына піша, што працавала на паскаральніку часцінак, які існаваў яшчэ да калайдара, і гэта сапраўды магчыма.
Цікавей разабраць ідэі, якім вучыць Ар’е. У сацсетках Катрына спрытна маніпулюе фізічнымі тэрмінамі, каб завабіць людзей на свае курсы, а часам і абяцае спалучыць навуку з магіяй. Напрыклад, яна прадае ў сваёй «Квантавай краме» аўтарскі курс пад назвай «Мернасці». Катрына піша, што, на думку большасці вучоных, існуе 11 вымярэнняў замест трох, і ўсё гэта можна выкарыстоўваць, каб змяняць сваё жыццё да лепшага. Вось толькі тая ідэя заснаваная на недаказанай тэорыі струнаў, і нават па ёй тыя вымярэнні настолькі малыя, што выкарыстаць іх у звычайным жыцці немагчыма.
Яшчэ весялей яе курс пад назвай «Коды жаданняў: падарожжа паміж сусветамі». У ім Ар’е прапануе выбраць, у які з паралельных сусветаў вы жадаеце трапіць, вучыць перасоўвацца па лініях верагоднасці і расказвае пра самапраграмаванне з пункту гледжання квантавай фізікі. Вядома, квантавая фізіка не мае з усім гэтым нічога агульнага.
Колькі ж каштуе форум з Хакамадай, Ар’е і іншымі спікеркамі? Падрыхтуйце не менш за 250 рублёў — менавіта столькі трэба аддаць за самы танны квіток, уладальніц якога абяцаюць дадаць у тэлеграм-канал і бот для знаёмстваў з іншымі ўдзельніцамі.
Форум ідзе цэлы дзень, і калі хочаце, каб вас у гэты час хаця б трохі пакармілі, трэба будзе аддаць за квіток не менш за 550 рублёў. Самыя дарагія квіткі з дадатковымі бонусамі каштуюць ажно 1790 рублёў.