Здароўе33

Чаму жанчыны жывуць даўжэй? Справа не ў шкодных звычках

Жанчыны амаль паўсюль у свеце жывуць даўжэй за мужчын. У сярэднім — прыкладна на пяць гадоў. А ў некаторых краінах розніца яшчэ большая, сведчыць статыстыка. Навукоўцы даўно спрабуюць зразумець, чаму так, піша BBC.

Фота: vecteezy.com

Мужчыны часцей рызыкуюць

«Амаль ва ўсіх краінах свету жанчыны жывуць даўжэй за мужчын», — пацвярджае прафесарка Сара Гарпер, дырэктарка Оксфардскага інстытута старэння насельніцтва ў Вялікабрытаніі.

Зрэшты, маштаб гэтай розніцы вельмі залежыць ад краіны.

Напрыклад, ва Украіне і В’етнаме жанчыны ў сярэднім жывуць на дзесяць і больш гадоў даўжэй за мужчын.

А вось у Нігерыі гэты разрыў амаль непрыкметны.

Навукоўцы лічаць, што часткова гэта тлумачыцца ладам жыцця і сацыяльнымі звычкамі. Паводле слоў Гарпер, у некаторых краінах «вялікую ролю адыгрываюць курэнне і алкаголь» — мужчыны ўжываюць іх значна часцей.

Агулам у свеце мужчыны часцей схільныя да паводзін, якія скарачаюць працягласць жыцця.

«Іх харчаванне звычайна менш здаровае», — заўважае Гарпер.

Да дактароў мужчыны таксама звяртаюцца радзей. Хаця, дадае яна, «жанатыя мужчыны маюць перавагу… таму што партнёрка прымушае іх сачыць за здароўем».

У многіх краінах мужчыны часцей працуюць у небяспечных прафесіях. Да таго ж уяўленні пра «сапраўдную мужнасць» нярэдка звязваюць з гатоўнасцю рызыкаваць.

«Сярод мужчын значна вышэйшая смяротнасць у ДТЗ, ад гвалту, забойстваў і самазабойстваў», — падкрэслівае Гарпер.

Зрэшты, сітуацыя можа змяняцца.

Напрыклад, у Брытаніі антытытунёвыя кампаніі 1960— 70‑х гадоў прыкметна знізілі ўзровень заўчаснай смяротнасці сярод мужчын.

Эстраген супраць тэстастэрону

Ёсць і чыста біялагічныя прычыны.

Вялікую ролю адыгрывае гармон эстраген. Ён дапамагае абараняць сэрца, косткі, мозг і імунную сістэму.

«Эстраген вельмі добра падтрымлівае жаночы арганізм. Таму да менапаўзы жанчыны часта маюць пэўную біялагічную перавагу», — тлумачыць прафесарка Кансуэла Борас, фізіёлаг і даследчыца старэння з універсітэта Валенсіі ў Іспаніі.

Паводле яе слоў, эстраген дзейнічае як антыаксідант — нейтралізуе шкодныя часціцы, так званыя свабодныя радыкалы, якія назапашваюцца ў клетках і паскараюць старэнне.

Затое тэстастэрон — галоўны мужчынскі палавы гармон — звязваюць з большай схільнасцю да рызыкі.

Борас дапускае, што ён можа мець і негатыўны ўплыў унутры арганізма, хоць гэтыя механізмы яшчэ недастаткова даследаваны.

Цікавы прыклад дало даследаванне 2012 года: гістарычныя карэйскія еўнухі, якія пасля кастрацыі не выпрацоўвалі тэстастэрон, жылі на 14—19 гадоў даўжэй за іншых мужчын.

Праўда, такія дадзеныя маюць свае абмежаванні — са зразумелых прычын падобныя даследаванні немагчыма паўтарыць сёння. У той жа час у некаторых жывёл таксама прасочваецца тэндэнцыя: кастраваныя самцы жывуць даўжэй.

Але гармоны — толькі частка загадкі даўгалецця.

«Фактараў вельмі шмат. Мы ведаем толькі частку з іх. Гэта надзвычай складаны працэс», — падсумоўвае Борас.

Што пра гэта кажа эвалюцыя

Каб лепш зразумець прычыны, навукоўцы вывучаюць не толькі людзей.

Мы далёка не адзіны від, у якога самкі жывуць даўжэй. Гэта характэрна для многіх сысуноў: ад ільвоў і авечак да касатак і мышэй.

А вось у птушак сітуацыя процілеглая: там перавага звычайна на баку самцоў.

Адна з магчымых прычын — асаблівасці палавых храмасом.

«У сысуноў самкі маюць дзве X-храмасомы, а самцы — адну X і адну Y», — тлумачыць Ёгана Штэрк, даследчыца з Інстытута эвалюцыйнай антрапалогіі Макса Планка ў Германіі.

Паводле адной з тэорый, наяўнасць дзвюх X-храмасом стварае для самак своеасаблівы «запас трываласці».

«Калі ў адной копіі ўзнікае мутацыя, застаецца другая, якая можа кампенсаваць праблему», — кажа Штэрк.

«А ў самцоў толькі адна X-храмасома, таму мутацыі могуць быць значна больш небяспечнымі».

У птушак усё наадварот: дзве аднолькавыя Z-храмасомы маюць менавіта самцы, а самкі — набор ZW.

«Гэта можа тлумачыць, чаму ў сысуноў даўжэй жывуць самкі, а ў птушак — самцы», — дапускае Штэрк.

Зрэшты, яе даследаванне 2025 года сведчыць: усё значна складаней.

«Мы выявілі, што ў манагамных відаў… заўважнай розніцы паміж паламі амаль няма, — кажа яна. — А ў неманагамных відаў, напрыклад у гарыл ці ільвоў, дзе самцы канкуруюць за некалькіх сябровак, адрозненні значна мацнейшыя».

На яе думку, у такіх відаў эвалюцыя прымушала самцоў выдаткоўваць велізарныя рэсурсы на развіццё вялікіх целаў, магутных рогаў або іншых прыкмет, якія прывабліваюць «дзяўчат», – і гэта адбывалася за кошт даўгалецця.

Затое самкі маглі эвалюцыянаваць па іншым сцэнарыі.

Існуе гіпотэза, што ў відаў, дзе самкі клапоцяцца пра патомства, «асабліва ў такіх відаў, як людзі ці чалавекападобныя малпы, маці выгадна жыць даўжэй, каб паспець выгадаваць дзіцянят», — кажа Штэрк.

Даўжэй — не заўсёды лепш

Зрэшты, як сведчаць даследаванні, жаночае даўгалецце мае і зваротны бок.

Хоць жанчыны і жывуць даўжэй, яны часцей сутыкаюцца з хранічнымі, хоць і не смяротнымі захворваннямі: болем у паясніцы, дэпрэсіямі і мігрэнню.

«У жанчын звычайна мацнейшыя імунныя рэакцыі, і гэта павышае рызыку запаленчых і аўтаімунных захворванняў», — тлумачыць прафесарка Гарпер.

Акрамя таго, дадае яна, «у жанчын менш трывалая мышачная і касцявая сістэмы».

Таму ўзнікае парадокс: біялогія мужчын робіць іх больш уразлівымі да смерці, а біялогія жанчын — да інваліднасці.

Ды нягледзячы на ўсё, эксперты падкрэсліваюць: біялогія — не прысуд.

«На працягласць жыцця таксама вельмі ўплываюць навакольнае асяроддзе і лад жыцця», — кажа даследчыца старэння Кансуэла Борас.

І мужчынам, і жанчынам варта звяртаць увагу на харчаванне, фізічную актыўнасць, сон і ўзровень стрэсу — не толькі для таго, «каб жыць даўжэй, але і каб жыць лепш».

Каментары3

  • Дзікпікавіч
    07.06.2026
    І куды феміністкі глядзяць
  • Нашто яны
    07.06.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Бгг
    07.06.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі4

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння на папцы Ціханоўскай — партрэт жыхара Брэста, якога пасадзілі на сем гадоў за тое, што ён хадзіў на суды над палітвязнямі1

Паранены беларус-добраахвотнік «Лахвіч» — той, якога нядаўна цкаваў Батулін4

Латушка — Бабарыку: Я таксама размаўляю з сябрамі. У нас розныя сябры27

Канапацкая заклікала «беларусаў, якія мяшкуюць тут», ладзіць інцыдэнты на «Новай Беларусі», абяцае падзяку ад камісіі вяртання20

Крэдыт на жыллё пад 1% — колькі насамрэч давядзецца пераплачваць за ўвесь час?3

Севярынец: Калі беларус з беларусам не будзе размаўляць па-беларуску — Беларусі не будзе43

Казка ад Сяргея Ціханоўскага з'явілася на ютуб-канале Акадэміі кіравання9

На канферэнцыі «Новая Беларусь» выступілі Ціханоўская і Бяляцкі. Распачаліся дэбаты. Ідзе анлайн-трансляцыя3

Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Вось асноўныя тэзісы яе выступу на канферэнцыі «Новая Беларусь»38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі4

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць