БЕЛ Ł РУС

Рэгістрацыю катоў могуць зрабіць добраахвотнай

26.08.2026 / 19:27

Nashaniva.com

У Беларусі рыхтуюць новыя змены ў заканадаўстве, якое рэгулюе пытанні ўтрымання і адказнага абыходжання са свойскімі жывёламі. Адно з прапанаваных новаўвядзенняў тычыцца рэгістрацыі свойскіх гадаванцаў, піша Tochka.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак

Плануецца захаваць абавязковую рэгістрацыю сабак, а для катоў зрабіць яе добраахвотнай. Уладальнік сам зможа вырашаць, ці рэгістраваць свайго ката.

Пра гэта паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Надзея Сяўрук падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы.

Паводле цяперашніх правіл, сабак і катоў неабходна рэгістраваць ва ўзросце каля трох — трох з паловай месяцаў. Калі жывёліну набываюць ва ўзросце больш за тры месяцы, уладальнік павінен зарэгістраваць яе на працягу трох дзён.

Пасля ўнясення прапанаваных змен гэты абавязак застанецца толькі для ўладальнікаў сабак.

Улады таксама разглядаюць іншыя змены ў правілах утрымання свойскіх жывёл. Прапануецца адмовіцца ад абмежавання на колькасць гадаванцаў у кватэрах. Зараз у жылым памяшканні дазваляецца трымаць не больш за дзвюх жывёл. Для блакаваных і аднакватэрных жылых дамоў такога абмежавання няма.

Акрамя таго, у Беларусі цяпер расце цікавасць да страхавання гадаванцаў. Яно ўжо ўваходзіць у тройку найбольш папулярных відаў страхавання сярод беларусаў.

Пасля змены правіл у 2022 годзе страхоўку можна аформіць практычна на любога свойскага гадаванца. Для гэтага не патрабуюцца радавод і дакументы, якія пацвярджаюць яго кошт. Страхоўка ж можа, напрыклад, кампенсаваць выдаткі на ветэрынарную дапамогу, у тым ліку лячэнне пасля ўкусу кляшча або тэрміновы зварот да ветэрынара.

Чытайце таксама:

Як зарэгістраваць ката ў Беларусі: пакрокавая інструкцыя

У гамяльчанкі ў кватэры 11 гадаванцаў, а па новым законе можна толькі двух. Куды падзець астатніх?

Як улады Мінска зразумеюць, у каго жывуць незарэгістраваныя сабакі? Разлік на неабыякавых суседзяў

Стала вядома, колькі жывёл-кампаньёнаў зарэгістравалі беларусы

Каментары да артыкула