У гамяльчанкі ў кватэры 11 гадаванцаў, а па новым законе можна толькі двух. Куды падзець астатніх?
«Моцныя навіны» абтэлефанавалі спецыялізаваныя службы і… ніхто не ведае.

Святлана жыве ў кватэры з мужам, і ў іх 10 катоў і адзін сабака. Згодна з новым законам, які ўступае ў сілу ўжо з 1 ліпеня, сям’і можна ўтрымліваць не больш за двух гадаванцаў. Пытанне — куды падзець астатніх?
З такім пытаннем «Моцныя навіны» звярнуліся ў ЖКГ і «Адно акно». У службах адказалі, што могуць дапамагчы толькі з рэгістрацыяй, куды падзець «лішніх» — не ведаюць, «не дадому ж сабе забраць».
Прапанавалі «аддаць валанцёрам», як варыянт — «кожны раз плаціць штраф пры праверках або скаргах суседзяў».
У ведамствах таксама раяць «утрымліваць гадаванцаў ціха і чыста», каб ніхто на іх не «стукаў».
Святлана ад такога падыходу ў шоку. Жанчына абураецца, што «закон прынялі, рубячы з пляча», без належных грамадскіх абмеркаванняў, без канструктыўнага дыялогу з валанцёрамі і без уліку вопыту іншых краін, дзе пытанні з жывёламі даўно вырашаны.
У прыклад прыводзіць Турцыю, дзе ўпор робіцца менавіта на стэрылізацыю бяздомных катоў і сабак — і абсалютна бясплатна, за кошт дзяржавы. Да слова, падобная практыка і ў суседняй Польшчы, дзе не сустрэнеш беспрытульных хвосцікаў.
Святлана — не валанцёр. Адкуль у яе столькі жывёл?
— Муж як ні едзе ў камандзіроўку, то абавязкова сустрэне бяздомную жывёлу і вязе дадому. Памятаю, быў мароз і кацяня бегла пасярод лесу, проста па асфальце, муж праехаць міма не змог. Чатырох катоў забралі з пад’езда — нехта выкінуў. За сабакам ездзіў за 200 кіламетраў — таксама ўбачыў у паездцы, вярнуўшыся дадому, не змог пра яго забыць і паехаў забіраць. Яна без адной лапкі, была ў жахлівым знясіленым стане. Я проста яе абняла і сядзела румзала. Пазней яна парвала звязкі, мы аддалі больш за 6 тысяч на аперацыі, каб паставіць на ногі!
На корм кожны месяц толькі на катоў ідзе каля 300 рублёў, падаткі плацім — самі, нікога не просім. Дык чаму я павінна кагосьці аддаваць? Яны мне ўсе вельмі дарагія!
Гамяльчанка кажа, што з дома пра яе гадаванцаў ведаюць некалькі чалавек і нармальна рэагуюць. Хоць былі і звароты ў міліцыю, бо сабаку выгульваюць каля дома — але «несці 18 кіламетраў да пляцоўкі 10‑кілаграмовага трохлапага сабаку на сабе — проста нерэальна». Пляцовак не хапае.
Што Святлана думае пра новы закон?
— Жывёлы не вінаватыя, што яны апынуліся на вуліцы, гэта грамадства не дапрацавала. Замест каральных мер патрэбныя прытулкі — і людзі гатовыя плаціць за іх падаткі. Але ў першую чаргу патрэбная стэрылізацыя — калі не бясплатная, дык хаця б рабіць на гэта зніжкі валанцёрам. Яны ж усё плацяць са сваіх грошай. Гэтыя людзі дапамагаюць дзяржаве, прыбіраючы жывёл з вуліц, але замест належнай падтрымкі сутыкаюцца з забаронамі.
У мяне вельмі шмат знаёмых валанцёраў, і яны ўсе абураныя. Нельга прымаць такія законы, проста рубячы з пляча. Гэта рэчы, якія робяцца гадамі. Для пачатку трэба грамадства пераналадзіць на тое, каб зразумець: жывёла — гэта не рэч, яе нельга проста так узяць і выкінуць.
Вы з’ездзіце ў любую вёску — яны там дагэтуль хвасты адрубаюць катам, верачы, што тыя ад гэтага лепш мышэй ловяць. А ім скажуць зарэгістраваць усіх — і ведаеце, што будзе? Усе гэтыя каты апынуцца бяздомнымі. Ну большасць, дакладна. Хіба так закон аб абароне жывёл павінен абараняць жывёл?

Святлана з мужам будуюць дом, на ўчастку ўжо жывуць 12 сабак, таксама выратаваныя. Усіх стэрылізавалі за свой кошт, пабудавалі вальеры. Сюды ж плануюць перавезці астатніх гадаванцаў і застацца тут жыць.
Выйсце быццам бы знойдзена (у прыватным доме колькасць жывёл па новым законе не рэгламентавана) — але гэта ў іх. А як быць астатнім?
Гамяльчанка распавядае, што ў знаёмай пенсіянеркі ў кватэры жывуць 25 катоў, утрымлівае іх за «апошнія грошы», усіх выхадзіла.
— І зараз ёй трэба амаль усіх аддаць? Куды — у Спецкамунтранс?
Я наогул не разумею, як можна ката ці сабаку кудысьці аддаць, калі яны ў вочы табе глядзяць? Гэта ж не рэч! — кажа яна.
Гамяльчанка заклікае да дыялогу і пошуку канструктыўных рашэнняў, а не да мер, якія па выніку могуць толькі пагоршыць сітуацыю.
Каментары