БЕЛ Ł РУС

Жыхары аграгарадка пад Гомелем стогнуць ад нашэсця «шалёнага агурка»

28.08.2026 / 23:01

Nashaniva.com

Жыхары аграгарадка Краснае Гомельскага раёна ўжо каля дзесяці гадоў спрабуюць змагацца з эхінацысцісам лопасцевым, які ў народзе называюць «шалёным агурком». Самастойныя спробы даць яму рады не даюць выніку, таму мясцовыя жыхары звярнуліся па дапамогу да ўладаў, піша Tochka.by.

Фота: Wikimedia Commons

На выгляд гэтая расліна даволі прывабная і мае прыемны мядовы пах. Аднак яна вельмі хутка распаўсюджваецца. За адзін сезон яе парасткі могуць вырастаць на 5—10 метраў і абвіваць дрэвы ды кусты, пазбаўляючы іх сонечнага святла.

Назву «шалёны агурок» расліна атрымала праз асаблівасці сваіх пладоў. Пры паспяванні ўнутры іх ствараецца высокі ціск і нават лёгкага дотыку можа быць дастаткова, каб плод раскрыўся і выкінуў насенне на адлегласць да 10 метраў.

Радзіма эхінацысцісу — Паўночная Амерыка. У Еўропу яго завезлі як дэкаратыўную расліну, а ў Беларусі першыя выпадкі росту зафіксавалі ў 1963 годзе ў Брэсцкай вобласці. Спачатку яго выкарыстоўвалі для азелянення альтанак, але пазней расліна стала інвазійнай і пачала выцясняць мясцовую расліннасць.

У Красным асноўная праблема звязаная з закінутым суседнім участкам, які амаль цалкам зарас эхінацысцісам. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ўчастак мае ўладальніка, але належны догляд за ім не вядзецца. У выніку расліна перабіраецца на суседнія тэрыторыі, а месцамі яе зараснікі ўжо вышэйшыя за чалавека.

Змагацца з эхінацысцісам складана. Выкарыстоўваць хімікаты рызыкоўна, бо расліна абвівае іншыя дрэвы і кусты, якія таксама могуць загінуць. Таму асноўны спосаб — выдаленне пустазелля разам з коранем. Аднак пры такіх маштабах праблемы жыхары Краснага ўжо не могуць справіцца самастойна і спадзяюцца на дапамогу ўладаў.

Чытайце таксама:

Жыхар Пінска сабраў на полі ў Лунінецкім раёне ўраджай макавай саломкі

«У нас яны вельмі салодкія». Беларуска пахвалілася ўраджаем гіганцкіх кавуноў

Кітай створыць «Вялікую зялёную сцяну» з грыбоў. І іншую — з бамбуку

На Случчыне нашэсце смаўжоў

Дачнікаў будуць строга караць за баршчэўнік і нават за сумнік

Каментары да артыкула