БЕЛ Ł РУС

Над Мінскай вобласцю пачнуць раскідаць вакцыну ад шаленства

31.08.2026 / 16:04

Nashaniva.com

З 1 верасня ў Мінскай вобласці пачнецца вакцынацыя дзікіх драпежных жывёл супраць шаленства. Спецыяльныя прынады з вакцынай будуць раскідаць з паветра над лясамі і палямі, паведаміла прэс-служба Мінскага аблвыканкама.

Фота: t.me/minsk_region1

Прынада выглядае як невялікі брыкет шэрага або цёмна-карычневага колеру вагой каля 25 грамаў. Яе вырабляюць з рыбнай мукі і ялавічнага тлушчу, а ўнутры знаходзіцца капсула з вакцынай.

Жыхароў просяць не браць такія брыкеты голымі рукамі, не прыносіць іх дадому і не даваць хатнім жывёлам. Да прынадаў таксама нельга падпускаць дзяцей.

Калі змесціва капсулы выпадкова трапіла ў вочы, рот, нос або на пашкоджаную скуру, неабходна звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Вакцыну раскідаюць з самалётаў для аральнай імунізацыі дзікіх драпежнікаў. Жывёліна знаходзіць прынаду, разгрызае яе і разам з кормам атрымлівае вакцыну. Такія кампаніі ў Беларусі праводзяць рэгулярна.

Прынады размяшчаюць у лясах, на палях і іншых месцах, дзе жывуць дзікія жывёлы. Населеныя пункты і вадаёмы ў зоны апрацоўкі не ўваходзяць.

Пакуль афіцыйна пацверджана, што восеньская кампанія стартуе 1 верасня менавіта ў Мінскай вобласці. Пра адначасовы пачатак вакцынацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны афіцыйнай інфармацыі пакуль няма.

Чытайце таксама:

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?

Беларусы сталі часцей звяртацца да медыкаў пасля кантакту з дзікімі жывёламі

У Беларусь вярнуліся яноты, і гэта трывожыць навукоўцаў

«Птушак амаль усіх з'елі». Лісы тэрарызуюць вёску пад самым Мінскам

Каментары да артыкула