БЕЛ Ł РУС

Буйная расійская сетка медыцынскіх лабараторый адкрые першую клініку ў Беларусі

31.08.2026 / 17:57

Nashaniva.com

Расійская сетка медыцынскіх лабараторый Invitro плануе сёлета адкрыць у Беларусі медыцынскі цэнтр новага фармату — «Invitro Клініка». Для гэтага ўжо пададзеная заяўка на рэгістрацыю адпаведнага таварнага знака ў Беларусі, піша Office Life.

Фота: Office Life

Гэта будзе не звычайны лабараторны офіс, а шматпрофільная клініка, дзе ў адной сістэме будуць працаваць лабараторная дыягностыка, прыём дактароў і інструментальныя даследаванні. У Расіі пад такім брэндам ужо працуюць каля 430 клінік.

Першую беларускую клініку плануюць размясціць у мікрараёне Каменная Горка ў Мінску. У кампаніі тлумачаць, што свядома выбралі жылы раён, а не цэнтр горада. Тут жыве шмат сем’яў з дзецьмі, людзей працаздольнага ўзросту і старэйшых грамадзян, для якіх важная магчымасць атрымаць розныя медыцынскія паслугі побач з домам.

Invitro працуе ў Беларусі больш за 12 гадоў. Сёння сетка мае 61 офіс у 20 гарадах, але асноўным напрамкам яе дзейнасці тут застаецца лабараторная дыягностыка.

Адкрыццё новай клінікі запланаванае да канца 2026 года. Канчатковыя тэрміны будуць залежаць ад завяршэння ліцэнзійных працэдур і падрыхтоўкі памяшкання.

Чытайце таксама:

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab

У Беларусі з'явілася першая ў краіне ветклініка на колах

Фельчар Арсень з праблемамі слыху з мінскай бальніцы хуткай дапамогі спявае на мове жэстаў і скарае сацсеткі ВІДЭА

Мінздароўя прыпыніла працу буйнога прыватнага медцэнтра «Лазар» у Баранавічах

Каментары да артыкула