У аўтамабілі ёсць і УГД-апарат, і экспрэс-лабараторыя.

У Беларусі з'явілася ветклініка на колах. Перасоўны медыцынскі комплекс абсталяваны ўсім неабходным для дыягностыкі і лячэння жывёл, а на яго борце дзяжурыць кваліфікаваны ветарынарны доктар і працуе паўнавартасная экспрэс-лабараторыя, паведамляе СТБ.
Аўтамабіль — гэта стэрыльны дыягнастычны блок, дзе ўсталяваны партатыўны УГД-сканер, гематалагічны і біяхімічны аналізатары крыві, мікраскоп, кардыёграф, халадзільнае абсталяванне для біяпрэпаратаў і працэдурны стол, які трансфармуецца. Усё гэта дазваляе ветдоктару за чвэрць гадзіны атрымаць дакладныя вынікі аналізаў, правесці ультрагукавое даследаванне, зрабіць неабходную ін'екцыю або аказаць экстраную дапамогу.
«Большасць [пацыентаў] усё ж такі — гэта пажылыя жывёлы, нейкія хранічныя паталогіі нырак. У сабак часцей што-небудзь з кішачнікам. Да нас звычайна прыходзяць пацыенты ва ўзросце каля 9 гадоў. Гэта той узрост, калі ўжо трэба стопрацэнтна кожны год (некаторым — часцей, 2—3 разы на год) абследавацца», — кажа Лізавета Прыхадоўская, ветдоктар агульнай практыкі.
Праект вырашыць праблему транспартыроўкі гадаванцаў і зробіць сучасную дыягностыку даступнай у любым пункце — ад спальных раёнаў сталіцы да аддаленых вёсак і дачных пасёлкаў.

«У Мінску вельмі актуальныя нашы паслугі, таму што людзі цэняць час. У Мінску бываюць заторы, складана дабрацца, трэба выдзеліць час. А ў маленькіх гарадах проста няма магчымасці, няма ветарынарных клінік, якія мелі б УГД, танометры і іншае такое абсталяванне, таму наша паслуга там таксама актуальная», — каментуе Алёна Усава, заснавальніца перасоўнай ветарынарнай клінікі.
Каментары