БЕЛ Ł РУС

NASA паспяхова запусціла касмічны тэлескоп Roman, які можа адкрыць новую эру ў даследаванні Сусвету

31.08.2026 / 19:02

Nashaniva.com

30 жніўня NASA адправіла ў космас касмічны тэлескоп Roman. Запуск адбыўся ў касмічным цэнтры імя Кэнэдзі ў Фларыдзе з дапамогай ракеты-носьбіта Falcon Heavy кампаніі SpaceX. Кошт праекта ацэньваецца прыкладна ў $4,3 мільярда. Асноўная місія разлічаная на пяць гадоў, аднак NASA мяркуе, што апарат пасля зможа працаваць яшчэ столькі ж, паведамляе агенцтва Reuters.

Запуск тэлескопа Roman. Фота: NASA

Тэлескоп названы ў гонар Нэнсі Грэйс Роман — першай кіраўніцы астранамічнага аддзела NASA. Апарат накіроўваецца да другой кропкі Лагранжа, якая знаходзіцца прыкладна за 1,5 мільёна кіламетраў ад Зямлі. Гэта амаль у чатыры разы далей за Месяц. У гэтай зоне апарат можа заставацца адносна стабільным дзякуючы раўнавазе гравітацыйных сіл Зямлі і Сонца.

Roman ужо параўноўваюць з легендарнымі касмічнымі тэлескопамі «Хабл» і «Джэймс Уэб», якія працуюць адпаведна з 1990 і 2021 гадоў.

Новы тэлескоп будзе даследаваць чорныя дзіркі, цёмную матэрыю і цёмную энергію, а таксама экзапланеты — планеты за межамі Сонечнай сістэмы. NASA разлічвае, што Roman зможа знайсці да 100 тысяч новых экзапланет у дадатак да прыкладна 6300 ужо вядомых.

Намесніца кіраўніка навуковай місіі NASA Нікола Фокс параўнала папярэднія тэлескопы з тымі, хто назірае за Сусветам праз замочную шчыліну. Roman жа, паводле яе слоў, нібыта «выб'е дзверы».

Roman абсталяваны двума важнымі навуковымі інструментамі. Шырокавугольны інфрачырвоны прыбор WFI будзе выкарыстоўвацца, у тым ліку, для вывучэння цёмнай энергіі, а спецыяльны каранограф упершыню дазволіць непасрэдна назіраць некаторыя экзапланеты.

Пры гэтым галоўнае люстэрка Roman мае прыкладна такі ж памер, як у «Хабла», але новы тэлескоп зможа ахопліваць участак неба прыкладна ў 200 разоў большы. За пяць гадоў асноўнай місіі ён павінен даследаваць вобласць Сусвету ў 50 разоў большую за тую, якую «Хабл» вывучыў за першыя 30 гадоў працы.

Паводле ацэнак NASA, для поўнага адлюстравання панарамы, якую зможа стварыць Roman, спатрэбілася б больш за паўмільёна тэлевізараў высокага разрознення.

Значнасць запуску прызнаў і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які назваў яго сведчаннем «залатога веку Амерыкі». Пры гэтым раней яго адміністрацыя спрабавала скараціць фінансаванне праекта.

30 жніўня Трамп нечакана перапыніў прэс-канферэнцыю NASA, каб асабіста павіншаваць агенцтва з паспяховым запускам, заявіўшы: «Вы робіце фантастычную працу, і я выдзяляю вам усе гэтыя грошы».

Чытайце таксама:

Навукоўцы нарэшце высветлілі, чаму астранаўты пакутуюць ад запораў

НАСА заплаціла стартапу $30 мільёнаў, каб уратаваць тэлескоп Swift. Цяпер апарат, які дваццаць гадоў назіраў за гібеллю зорак, сам згарыць у атмасферы

Што навукоўцы могуць высветліць дзякуючы падзенню ступені ракеты SpaceX на Месяц

Астраномы ўпершыню знайшлі малекулу цукру ў пылавой хмары Млечнага Шляху

Як навукоўцы хочуць абараніць Зямлю ад сонечнай буры, здольнай вярнуць цывілізацыю ў каменны век

Каментары да артыкула