Зацвердзілі новы генеральны план Віцебска
Новы генеральны план Віцебска зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 21 жніўня 2026 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.
Віцебск. Фота ілюстрацыйнае
План разлічаны на два этапы — да 2030 і да 2035 года. Паводле дакумента, насельніцтва горада плануецца павялічыць з цяперашніх 362,95 тысячы да 374 тысяч чалавек на першым этапе і да 380 тысяч — на другім.
Таксама прадугледжваецца пашырэнне жылой забудовы, павелічэнне жыллёвага фонду, вулічнай сеткі і працягласці маршрутаў грамадскага транспарту. Колькасць мастоў, пуцеправодаў і шматузроўневых развязак павінна вырасці з 33 да 39.
Сярод асноўных праектаў — будаўніцтва новага моста ў працяг вуліцы Чэхава ў раёне Паўночнага моста. Разглядаюцца два варыянты: з захаваннем музея Міная Шмырова і аднабаковым рухам альбо з пераносам музея і двухбаковым рухам.
Генплан таксама прадугледжвае аднаўленне комплексу былога касцёла і езуіцкага калегіума, у тым ліку Мікалаеўскага сабора, а таксама касцёла Святога Антонія.
Для аўтамабільнага транспарту плануецца пабудаваць паўночна-ўсходні ўчастак аб’язной дарогі, а для чыгункі зарэзерваваць тэрыторыю пад паўднёва-заходні чыгуначны абыход.
Побач з Віцебскам таксама прапануецца стварыць новыя могілкі для традыцыйных і урнавых пахаванняў, а ў перспектыве — пабудаваць крэматорый.
Для рэалізацыі генплана спатрэбіцца выключыць з сельскагаспадарчага абароту каля 328 га зямлі, з іх 316,6 га належаць ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка».
Чытайце таксама:
Зацвердзілі генеральныя планы Віцебска, Гомеля і Магілёва
У Полацку пасля рэканструкцыі адкрылі мост цераз раку Палату