БЕЛ Ł РУС

У краінах Афрыкі чуткі пра «крадзеж геніталій» прывялі да дзясяткаў забойстваў

3.09.2026 / 18:48

Антось Жупран

З кастрычніка 2025 года па ліпень 2026‑га ў васьмі краінах Афрыкі распаўсюдзіліся чуткі пра «крадзеж геніталій», якія справакавалі хвалю гвалту. Ахвярамі самасудаў сталі больш за 80 чалавек. Расследаванне Бі-бі-сі паказвае, што забабоны, якія існавалі на кантыненце дзесяцігоддзямі, набылі смяротную сілу дзякуючы алгарытмам сацыяльных сетак.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Eva María Corbella Márquez / Vecteezy

Вера ў вядзьмарства і здольнасць аднаго чалавека магічным чынам нашкодзіць целу іншага дагэтуль захоўваецца ў некаторых афрыканскіх супольнасцях. Адна з найбольш дзіўных і небяспечных праяў такіх уяўленняў — гісторыі пра так званых «злодзеяў геніталій».

Звычайна ўсё пачынаецца з таго, што мужчына заяўляе: пасля выпадковага кантакту з незнаёмцам ягоныя пеніс ці яечкі нібыта зменшыліся або зніклі. Падазрэнне падае на чалавека, які апошнім да яго дакрануўся. Вакол збіраецца натоўп, які патрабуе «вярнуць» скрадзеныя органы. У многіх выпадках падазраваных збіваюць да смерці або спальваюць яшчэ да прыезду паліцыі.

Такія гісторыі ў Афрыцы не новыя. Напрыклад, у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга падобныя чуткі шырока хадзілі яшчэ ў 2008 годзе. Цяперашняя хваля, як мяркуецца, таксама пачалася ў гэтай краіне — у 2025-м, а пасля распаўсюдзілася на Бурундзі, Замбію, Танзанію, Мазамбік, Анголу, Малаві і Кенію. Бі-бі-сі, сабраўшы звесткі паліцыі шасці афрыканскіх краін, налічыла больш за 80 забітых з кастрычніка 2025 года па ліпень 2026-га.

Магія сацсетак

Як адзначае Бі-бі-сі, сацыяльныя сеткі далі старому забабону новы маштаб. У TikTok і Facebook распаўсюджваюцца дзясяткі ролікаў: нібыта асабістыя сведчанні пацярпелых, папярэджанні пра выпадкі ў канкрэтных гарадах і раёнах, каментары, а таксама відэа самасудаў.

Некаторыя запісы набіраюць дзясяткі і сотні тысяч праглядаў. Аддзел Бі-бі-сі па глабальнай дэзынфармацыі (BBC Global Disinformation Unit), напрыклад, праверыў відэа з танзанійскага горада Тундума, на якім натоўп збівае мужчыну і патрабуе вярнуць нібыта скрадзеныя ім геніталіі. Пасля мужчыну падпалілі. У TikTok і Facebook гэты запіс паглядзелі больш за 100 тысяч разоў.

Падобныя відэа Бі-бі-сі верыфікавала ў Мазамбіку і Кеніі. Многія з прааналізаваных ролікаў, у тым ліку з кадрамі самасудаў, на момант расследавання заставаліся ў сацыяльных сетках.

Антраполаг Жульен Баном, аўтар кнігі «Сэкс-злодзеі: антрапалогія чутак» (The Sex Thieves: The Anthropology of a Rumor), лічыць відэа адным з галоўных адрозненняў цяперашняй хвалі ад падобных выпадкаў мінулага.

Паводле яго, цяпер людзі не проста чуюць, што ў кагосьці нібыта зніклі геніталіі. Яны бачаць усхваляваных мужчын, якія сцвярджаюць, што гэта здарылася з імі, або назіраюць, як натоўп рэагуе на такія абвінавачанні. Гэтая непасрэднасць відэа можа рабіць неправераныя сцвярджэнні больш пераканаўчымі.

Смартфоны і сацыяльныя сеткі таксама дазваляюць чуткам распаўсюджвацца хутчэй, ахопліваць большую аўдыторыю і робяць іх цяжэйшымі для кантролю, калі яны ўжо пачалі цыркуляваць.

Пры гэтым, як піша Бі-бі-сі, часта незразумела, ці вераць самі аўтары відэа, якія заклікаюць людзей быць пільнымі, у тое, што расказваюць, ці перадусім імкнуцца прыцягнуць увагу і атрымаць больш праглядаў.

Побач з такімі публікацыямі некаторыя карыстальнікі прапануюць «абярэгі», якія нібыта абараняюць ад крадзяжу геніталій, а комікі робяць на гэтую тэму парадыйныя скетчы.

Рэакцыя ўладаў

Найбольш пацярпеў Мазамбік, дзе ў маі паліцыя паведаміла пра 55 забітых за шэсць тыдняў. Сярод ахвяр былі паліцэйскі, медыцынскія работнікі і дзяржаўныя службоўцы.

У красавіку ў правінцыі Каба-Дэлгада, якая мяжуе з Танзаніяй, напалі на двух медработнікаў — дома і на працы. Медыцынскія ўстановы ў раёнах, дзе адбыліся напады, давялося закрыць на некалькі тыдняў, а ўлады пачалі інфармацыйную кампанію, каб супрацьстаяць чуткам.

Прэзідэнт Мазамбіка Даніэл Шапу публічна асудзіў распаўсюджванне чутак і выкліканы імі гвалт. Ён заявіў, што гэтыя сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці, а ўлады не знайшлі медыцынскіх сведчанняў таго, што нехта сапраўды страціў частку цела.

У рамках інфармацыйнай кампаніі ўрад таксама заявіў, што некаторыя з такіх страхаў могуць быць звязаныя з сіндромам Кора — псіхічным расстройствам, пры якім чалавек баіцца, што яго геніталіі ўцягваюцца ў цела або знікаюць.

Апошнія выпадкі смяротнага гвалту былі зафіксаваныя ў Кеніі, дзе ў прыбярэжных акругах Квале і Мамбаса натоўпы забілі пяць чалавек. Пасля першых такіх выпадкаў у ліпені камісар акругі Мамбаса абвінаваціў некаторых стваральнікаў кантэнту ў распаўсюджванні чутак дзеля праглядаў і ўвагі.

Паводле яго, паліцыі ўдалося спыніць гвалт і правесці некалькі арыштаў. Сярод затрыманых былі бацька і сын, якія напалі на жанчыну, абвінаваціўшы яе ў тым, што яна прымусіла мужчынскія геніталіі знікнуць. Абодва прызналі віну і былі асуджаныя на год турмы.

У Танзаніі мясцовае расследаванне паказала, што прынамсі за некаторымі выпадкамі мог стаяць наўмысны злачынны намер. Як заявілі мясцовыя ўлады, асобныя людзі ўступалі ў змову, каб здзяйсняць злачынствы і распальваць грамадскую паніку дзеля ўласнай выгады.

Тым часам многія відэа, якія распаўсюджваюць гісторыі пра «крадзеж геніталій», у тым ліку запісы самасудаў, на момант расследавання Бі-бі-сі заставаліся даступнымі ў сацыяльных сетках.

Прадстаўнік Meta заявіў Бі-бі-сі, што кампанія правярае перададзеныя ёй матэрыялы і прыме меры ў дачыненні да тых, якія парушаюць правілы платформы. TikTok на запыт Бі-бі-сі не адказаў.

Чытайце таксама:

Афрыка можа разламацца на дзве часткі хутчэй, чым чакалі навукоўцы

Акуна Матата! Занзібар — гэта не толькі сэкс без абавязкаў

Бельгійскі мільярдэр памёр падчас аперацыі па павелічэнні палавога органа

Каментары да артыкула