Памёр Андрэй Салаўянаў
2 верасня раптоўна памёр гісторык, вядучы навуковы супрацоўнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і былы шматгадовы вучоны сакратар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Салаўянаў. Яму было ўсяго 45 гадоў.
Андрэй Салаўянаў
Андрэй Салаўянаў нарадзіўся 28 лістапада 1980 года ў Віцебску. У 2003‑м скончыў гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. У 2003‑2006 гадах вучыўся ў вочнай аспірантуры БДУ па спецыяльнасці «айчынная гісторыя».
Пасля заканчэння аспірантуры ў 2007‑м прыйшоў на працу ў Інстытут гісторыі НАНБ — на пасаду спачатку малодшага навуковага, а пасля навуковага супрацоўніка. З 2012 па 2022 гады быў вучоным сакратаром гэтай установы. У 2011—2015 гадах узначальваў Раду маладых вучоных інстытута.
З 2007 па 2012 гады таксама працаваў па сумяшчальніцтве выкладчыкам кафедры філасофіі і паліталогіі ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
У 2022 годзе перайшоў на працу ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, рэктарам якой тады быў былы дырэктар Інстутута гісторыі НАНБ Вячаслаў Даніловіч. Займаў там пасаду спачатку старшага, а пасля вядучага навуковага супрацоўніка Навукова-даследчага інстытута тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання.
Навуковая дзейнасць была звязана з гісторыяй БССР 1920‑х гадоў. Даследаваў таксама пытанні народнай адукацыі і сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у 1991—2010 гады.
У 2008 годзе абараніў дысертацыю «Сацыяльная абарона падрастаючага пакалення ў БССР ( 1921‑-1930 гг.)», на яе аснове ў 2013‑м выдаў кнігу «Сацыяльная абарона непаўналетніх у БССР ( 1921‑-1930 гг.)». Быў аўтарам больш як 100 навуковых работ.
Чытайце таксама:
Памерла Галіна Філіпаўна з Гродна, якой летам 2020 года на ўсю краіну абураўся Лукашэнка