Памёр грэка-каталіцкі святар Ігар Кандрацьеў. Падчас пратэстаў у Брэсце ён патрабаваў ад уладаў выпусціць вязняў
Ігару Кандрацьеву было 67 гадоў. Пра яго смерць паведамілі ў грэка-каталіцкай суполцы ў фэйсбуку.

Як гаворыцца ў паведамленні Ігар Кандрацьеў памёр на Святой Зямлі пасля цяжкай анкалагічнай хваробы. Ён шмат гадоў ачольваў грэка-каталіцкую супольнасць у Брэсце і Брэсцкай вобласці.
Ігар Кандрацьеў нарадзіўся ў 1959 годзе ў Сібіры ў сям'і рэпрэсаваных.
Па бацькавай лініі меў продкаў, якіх яшчэ ў XIX ст. выслалі з тэрыторыі Беларусі пасля аднаго з паўстанняў. Сярод ягоных продкаў былі святары і іканапісцы.
Атрымаў архітэктурную адукацыю, займаўся рэстаўрацыяй храмаў і іканапісам.
Меў жонку Вольгу, якая дапамагала яму ў служэнні як музыка і рэгент, і двух сыноў.
У 1988 годзе быў рукапакладзены ў святары, а з 1995 года пачаў сваё служэнне ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве. Прыехаўшы ў Беларусь, ён хутка вывучыў беларускую мову і з 1996 года ачольваў рэдакцыю рэлігійнай газеты «Царква».
Святар стаяў ля вытокаў стварэння грэка-каталіцкіх парафій у Берасці, Івацэвічах, Баранавічах, Пінску, Слоніме і Астраўцы, а таксама актыўна займаўся будаўніцтвам душпастырскіх цэнтраў, экуменічным дыялогам і папулярызацыяй беларускіх перакладаў Бібліі.
У 2022 годзе Ігар Кандрацьеў быў затрыманы разам з рэдактарам газеты «Царква» Ігарам Бараноўскім. Святару прысудзілі 12 сутак адміністратыўнага арышту за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У жніўні 2020 года ў Брэсце падчас масавых пратэстаў Кандрацьеў быў адным з удзельнікаў сустрэчы гарадской грамадскасці з тагачасным старшынёй Брэсцкага гарвыканкаму Аляксандрам Рагачуком. Святар заклікаў выпусціць затрыманых. Калі чыноўнік згадзіўся, Кандрацьеў пайшоў да мясцовага ІЧУ і правёў там усю ноч, пакуль апошні затрыманы не выйшаў на волю.
Каментары