Памерла Галіна Філіпаўна з Гродна, якой летам 2020 года на ўсю краіну абураўся Лукашэнка
Галіне Андрэйчык было 87 гадоў.

Пра Галіну Філіпаўну Андрэйчык краіна даведалася шэсць гадоў таму, 29 мая 2020 года.
81‑гадовая жанчына, ветэран працы, выйшла на плошчу ў Гродне і дала кранальнае інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму.
Блогер абняў бабулю, а тая назвала яго ў адказ «сынком». Таксама жанчына выказалася пра сітуацыю ў Беларусі.
«Дзякуй, што выйшлі на вуліцу. Не бойцеся. Не бойцеся. Калі я памру, я ўсё ж буду ведаць, што зрабіла глыток свабоды. Дзякуй табе, дзетанька, дзякуй табе, сыночак», — сказала падчас стрыму сівая жанчына.
У той самы дзень Сяргея Ціханоўскага ў выніку правакацыі затрымалі, на волю ёй выйшаў толькі праз шэсць гадоў.
Але 4 чэрвеня на Галіну Філіпаўну звярнуў увагу Лукашэнка, які ў сваёй традыцыйнай грэблівай манеры выказаўся пра жанчыну, якая нібыта «крычала, гарлала» і жыве ў «палацы».
«Чаго табе не хапае?» — задаўся ён пытаннем.
Вечарам таго ж дня ў эфіры БТ паказалі дом жанчыны з дрона агучылі на ўсю краіну спіс яе маёмасці: кватэра ў цэнтры Гродна, «катэдж» — як яны выразіліся, «дзве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус-«трохгодка» мінімум за 25 тысяч даляраў.
Галіна Філіпаўна потым расказала журналістам незалежных СМІ, што цкаванне моцна ўзрушыла яе, і яна жыла на снатворным і супакаяльных.

Галіна Андрэйчык расказвала, што сапраўды ў яе ёсць дом, які яна пабудавала ў 1990‑х гадах. Дом будавалі 38 гадоў, сваімі рукамі. Грашыма сям’і дапамагалі сваякі з Аўстраліі. Дзядзька Уладзімір і цётка Аліна эмігравалі туды пасля апошняй вайны.
Жанчына тлумачыць, што стаж у яе — 52 гады, яна выкладала эканамічную тэорыю ў гродзенскіх універсітэтах. За гэты час ашчаджала грошы, адклала сабе на пахаванне $5 тысяч, каб родныя маглі з ёй нармальна развітацца. Муж пасля Ленінградскага політэхнічнага інстытут. Двое сыноў у 2020 годзе жылі і працавалі ў Расіі. А другі дом на ўчастку будаваўся для наступнага пакалення сям'і.
Галіна Андрэйчык абуралася, што яе прыватную тэрыторыю паказалі з дрону без дазволу: «Ці ж гэта можна рабіць, скажыце? Чым чалавек багацейшы, тым і краіна будзе багацейшая».
Галіна Філіпаўна памерла 16 ліпеня 2026 года. Ёй было 87 гадоў. Пахаваная на могілках у вёсцы Аульс ля Гродна.
Каментары
я за ўсё сваё ўбогае жуццё не назбірала і на паўквадратных метра