БЕЛ Ł РУС

У Варшаве п'яная беларуска ехала з чатырохгадовым дзіцём на электрасамакаце і трапіла ў бальніцу

3.09.2026 / 17:53

Nashaniva.com

У Варшаве 34‑гадовая беларуска і яе чатырохгадовае дзіця пацярпелі падчас паездкі на электрасамакаце. Жанчына, у арганізме якой пазней знайшлі алкаголь, не справілася з кіраваннем і ўпала разам з дзіцём, піша выданне Most.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Здарэнне адбылося на ўчастку вуліцы, закрытым для руху. Самакат наехаў на няроўнасць дарогі, пасля чаго жанчына страціла раўнавагу. Пра пацярпелых паведамілі мінакі, якія выклікалі паліцыю і хуткую дапамогу.

Маці і дзіця агледзелі медыкі і даставілі іх у бальніцу для дадатковых абследаванняў. Праверка паказала, што ў выдыханым паветры жанчыны было амаль 1 праміле алкаголю.

Паліцыя таксама зафіксавала іншыя парушэнні: перавозку пасажыра на электрасамакаце, адсутнасць абавязковага шлема і стварэнне аварыйнай сітуацыі. Сабраныя матэрыялы перададзеныя для далейшага разгляду.

У Польшчы правілы карыстання электрасамакатамі забараняюць перавозіць на іх пасажыраў, жывёл або грузы.

Акрамя таго, з 3 сакавіка 2026 года дзецям да 13‑ці гадоў дазволена карыстацца электрасамакатамі толькі ў жылых зонах і пад наглядам дарослых. Выезд на дарогі для іх забаронены.

З 3 чэрвеня дзеці да 16‑ці гадоў пры яздзе на роварах і электрасамакатах павінны быць у шлемах. За яго адсутнасць прадугледжаны штраф у 100 злотых (каля 27 даляраў), які выплачваюць бацькі або апекуны.

Патрабаванне адносна шлемаў таксама распаўсюджваецца на дзяцей да сямі гадоў, якіх перавозяць на ровары ў дзіцячым крэсле або на дадатковым сядзенні, за асобнымі выключэннямі.

Чытайце таксама:

Амаль 5 тысяч самакатаў у Беларусі прызналі мапедамі

Італьянскі горад забараніў ровары, пасля таго, як там збілі на ім мэра

Беларускую спявачку ў Маскве збіў самакатчык

Паездка на самакаце абышлася мінчанцы ў 16 тысяч даляраў — столькі давядзецца патраціць на зубы

Настасся Касцюгова зламала нагу — ехала на самакаце па Варшаве, калі насустрач вылецела аўто

Каментары да артыкула