БЕЛ Ł РУС

Памёр акадэмік Аляксандр Міхалевіч

3.09.2026 / 19:14

Nashaniva.com

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі паведаміла, што 30 жніўня памёр вядомы беларускі навуковец, акадэмік Аляксандр Міхалевіч. Яму было 87 гадоў.

Аляксандр Міхалевіч

Аляксандр Міхалевіч нарадзіўся 20 верасня 1938 года ў Віцебску. У 1961 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут і ўсё сваё прафесійнае жыццё прысвяціў навуцы і энергетыцы.

Ён працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце і Інстытуце ядзернай энергетыкі Акадэміі навук БССР, дзе прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да кіраўніка лабараторыі. Паралельна выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце.

У розныя гады Міхалевіч узначальваў Інстытут праблем энергетыкі НАН Беларусі і Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны». Таксама працаваў у Інстытуце цепла– і масаабмену імя Аляксея Лыкава, а з 2010 года быў галоўным навуковым супрацоўнікам і навуковым кіраўніком Інстытута энергетыкі НАН Беларусі.

Міхалевіч быў спецыялістам у галіне цеплафізікі, цепла– і масаабмену, агульнай і ядзернай энергетыкі. Ён даследаваў цеплаперадачу, сістэмы ахалоджвання атамных і цеплавых электрастанцый, а таксама пытанні энергаэфектыўнасці.

Навуковец удзельнічаў у распрацоўцы энергетычных і дзяржаўных праграм Беларусі, у тым ліку дакументаў у сферы ядзернай энергетыкі, энергазберажэння і энергетычнай бяспекі. Ён таксама быў удзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Міхалевіч апублікаваў больш за 250 навуковых работ, у тым ліку восем манаграфій і чатыры вучэбныя дапаможнікі, меў 20 вынаходніцтваў.

У 1986 годзе ён стаў членам-карэспандэнтам, а ў 2000 годзе — акадэмікам НАН Беларусі. За навуковую дзейнасць быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а таксама стаў лаўрэатам прэміі НАН Беларусі імя акадэміка Аляксея Лыкава і прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы.

Чытайце таксама:

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Памёр Андрэй Салаўянаў

Памёр Іосіф Хаўратовіч

Каментары да артыкула