Эстонія перавяла 70 мільёнаў еўра італьянскай кампаніі для закупкі боепрыпасаў для Украіны. Снарадаў у выніку нуль
Міністр абароны Эстоніі Хана Пеўкур 2 верасня заявіў пра сваю адстаўку, узяўшы на сябе палітычную адказнасць за сітуацыю ў сферы абароны краіны. Прычынай стаў скандал вакол закупкі краінай боепрыпасаў для Украіны, піша Ekspress.delfi.ee.
Хана Пеўкур. Фота: AP Photo/Alex Brandon
Дзяржаўны цэнтр абаронных інвестыцый Эстоніі (RKIK) пералічыў 70 мільёнаў еўра авансу італьянскай кампаніі Datasel S.R.L. Аднак высветлілася, што гэта фактычна фірма-пустышка, за якой стаяць прадпрымальнікі з Індыі. Як паведамляе выданне Eesti Ekspress, кампанія дагэтуль не прадала ніводнага снарада.
Пеўкур заявіў, што міністр абароны не займаецца непасрэднымі перамовамі па кантрактах і не правярае кожную дэталь закупак. Паводле яго, выбар канкрэтных пастаўшчыкоў і падрыхтоўка кантрактаў належаць да абавязкаў RKIK.
Пры гэтым міністр прызнаў, што як кіраўнік ведамства ён усё ж нясе палітычную адказнасць за ўсю сферу абароны. Таму ён гатовы пакінуць пасаду і заявіў, што цяпер прэм’ер-міністр павінен знайсці яму замену.
Пеўкур узначальвае Міністэрства абароны Эстоніі з 2022 года. Яго адстаўку яшчэ павінен зацвердзіць парламент — Рыйгiкогу. Восеньская сесія парламента пачнецца 14 верасня, таму да гэтага часу Пеўкур працягне выконваць абавязкі міністра.
Чытайце таксама:
З’явіліся новыя жахлівыя відэа моманту выбуху на складзе боепрыпасаў пад Кіевам 28 жніўня
У Еўропе спрабавалі падарваць чацвёрты за месяц вайсковы завод
SCALP. Што вядома пра ракеты, тэхналогіі вытворчасці якіх Украіне перадаюць Брытанія і Францыя