Маладая мінчанка вырашыла праехаць у метро — цяпер тры тыдні ходзіць на мыліцах
Удзельніца студэнцкага хора «Братка беларус» апублікавала пост у трэдсах пра тое, чым для яе скончылася паездка ў метро. Паводле слоў дзяўчыны, яна атрымала такую траўму, што дагэтуль не можа ачуняць.
Фота: nes_teass / Instagram. Якасць фота палепшаная з дапамогай ШІ
Беларуска пад псеўданімам nes_teass расказала пра тое, як амаль месяц таму вырашыла пакарыстацца мінскім метро. Выглядае, дзяўчына аказалася адной з тых беларусаў, хто пацярпеў ад турнікетаў.
З той падзеі прайшоў ужо амаль месяц:
«Раніцай 10 жніўня, прыкладна ў 9:40-9:50, я заходзіла ў метро на станцыі «Каменная Горка». Прыклала праязны [да валідатара], усё як звычайна, дачакалася сігнала, які дазваляе рух. Відаць, турнікет быў няспраўны, ударыў у нагу.
Усё б нічога, але праз гэтае здарэнне я дагэтуль хаджу на мыліцах. Мне ўсяго 19, ёсць верагоднасць сур’ёзнага пашкоджання меніска».
Дзяўчына дадае, што адзін з супрацоўнікаў метро быў сведкам таго, як яна атрымала траўму. Але ў адказ не спрабаваў дапамагчы, а проста зрабіў жэст рукой — маўляў, праходзь.
У каментарах беларуска ўдакладняе, што мае ўнутрысустаўную гематому і шмат сімптомаў. 6 верасня ёй зробяць МРТ — экстранна трапіць на абследаванне пакуль не атрымалася. Дзяўчына спадзяецца, што тады і атрымае тлумачэнне свайго стану.
Пра сваю бяду беларуска напісала на пошту мінскага метрапалітэна, але ў адказе ёй загадалі звярнуцца са скаргай праз партал Обращения.бел — маўляў, метрапалітэн не прымае скаргі праз пошту. Дзяўчына напісала скаргу і туды: яе зарэгістравалі, але пакуль не адказалі.
Калі гісторыя зацягнецца яшчэ болей, дзяўчыне, магчыма, давядзецца скарэктаваць свае сцэнічныя планы. Рэч у тым, што яна выступае ў складзе хора «Братка беларус», які працуе пры Мінскім дзяржкаледжы інавацыйных будаўнічых тэхналогій. Відэа з тым хорам завірусілася ў сакавіку 2026-га, калі ўдзельнікі «Браткі беларуса» проста ў мінскім аўтобусе праспявалі народную песню «Як пайду я ў новую канюшню».
Чытайце таксама:
Расійскія стрымеры ідуць пешшу з Масквы ў Мінск, каб паціснуць руку Лукашэнку
Папа Леў XIV трапіў у спіс самых стыльных людзей свету па версіі вядомага амерыканскага часопіса