БЕЛ Ł РУС

У 2,6 раза скарацілі спіс прамысловых тавараў, забароненых да вывазу з Беларусі

4.09.2026 / 19:30

Nashaniva.com

У Беларусі істотна скарацілі пералік прамысловых тавараў, вываз якіх за межы краіны забаронены. Адпаведныя змены прадугледжаныя пастановай Савета Міністраў ад 1 верасня 2026 года №442, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Сам тэрмін дзеяння забароны працягнуць да 22 сакавіка 2027 года, але пры гэтым спіс тавараў значна скароцяць — са 199 да 77 пазіцый, субпазіцый і падсубпазіцый ТН ЗЭД ЕАЭС.

Новыя правілы пачнуць дзейнічаць 23 верасня 2026 года.

З пераліку выключылі, у прыватнасці, халадзільнікі і маразільнікі, цеплавыя помпы, дызельныя і паўдызельныя рухавікі, абсталяванне для вытворчасці віна і сокаў, вадкасныя помпы і пад'ёмнікі, буйныя ёмістасці для сціснутага або звадкаванага газу.

Таксама забарона больш не будзе распаўсюджвацца на некаторыя віды гіпсу і ангідрыту, асобныя медыцынскія цэменты і матэрыялы, грузапад'ёмныя краны, а таксама пэўныя віды адкідаў і лому каразійнаўстойлівай сталі.

Акрамя поўнага выключэння асобных тавараў, у многіх групах пералік таксама звузілі. Цяпер абмежаванне будзе дзейнічаць не для ўсёй таварнай пазіцыі, субпазіцыі або падсубпазіцыі, а толькі для яе часткі.

Забарона на вываз асобных прамысловых тавараў дзейнічае ў Беларусі з сакавіка 2022 года і раней неаднаразова працягвалася. Цяперашні тэрмін яе дзеяння заканчваецца 22 верасня, пасля чаго пачне дзейнічаць абноўлены пералік.

Чытайце таксама:

Латвія з 1 верасня забараніла адусюль увоз беларускіх кніг, адзення і цацак

Мінгандлю знайшло парушэнні ва ўсіх правераных крамах DNS

На Wildberries моцна выраслі продажы тавараў з беларускімі матывамі

«Людзі баяцца заказваць». Прадавец з Wildberries страціў больш за $10 тысяч, але не сыходзіць

Каментары да артыкула