У Германіі — дзве новыя спробы дыверсій на электрападстанцыях
У Германіі зафіксавалі яшчэ дзве спробы дыверсій на аб'ектах энергетычнай інфраструктуры. У Саксоніі каля падстанцый Граўштайн і Бервальдэ знайшлі 11 самаробных выбуховых і запальных прылад: чатыры каля першай падстанцыі і сем каля другой, піша Bild.
Фота: Bild
Пасля знаходкі паліцыя абследавала высакавольтныя лініі, каб праверыць, ці няма паблізу іншых небяспечных прадметаў. Праваахоўнікі пацвердзілі правядзенне аперацыі, але не сталі раскрываць яе падрабязнасці.
Гэтыя выпадкі адбыліся на фоне серыі іншых інцыдэнтаў на энергетычных аб'ектах Германіі. 4 верасня падазроныя прадметы з таймерамі знайшлі каля высакавольтных ліній у Дармагене, а паліцыя праводзіла праверку на падстанцыі ў Гандэркезэ.
Раней, 1 верасня, была атака на падстанцыю Прэйлак каля электрастанцыі Еншвальдэ ў Брандэнбургу. Таксама адбыўся інцыдэнт каля Берхайма пад Кёльнам, у выніку якога кароткае замыканне прывяло да адключэння некалькіх энергаблокаў агульнай магутнасцю каля 4200 МВт. 2 верасня выбуховыя прылады знайшлі каля яшчэ адной падстанцыі ў Брандэнбургу.
Нямецкія ўлады расследуюць серыю гэтых выпадкаў таксама на фоне абвінавачанняў Расіі ў арганізацыі дыверсіі ў аэрапорце Лейпцыг/Гале. Па словах нямецкага міністра ўнутраных спраў Аляксандра Добрынта, выканаўцы той атакі дзейнічалі на замову расійскіх дзяржаўных структур.
Чытайце таксама:
У Германіі падпалілі будаўнічую пляцоўку абароннай кампаніі
На ўсходзе Германіі спрабавалі атакаваць электрастанцыю
Адзін з падазраваных у атацы на аэрапорт Лейпцыга — мужчына з Беларусі
Падазраваны ў дыверсіі ў Лейпцыгу атрымаў візу ў пасольстве Італіі ў Мінску