БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Сербіі Вучыч замест поўнай адстаўкі збіраецца перасесці ў крэсла прэм'ера

5.09.2026 / 19:31

Nashaniva.com

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч узначаліць спіс кіроўнай Сербскай прагрэсіўнай партыі на будучых парламенцкіх выбарах і будзе вылучаны кандыдатам на пасаду прэм’ер-міністра. Пра гэта паведаміла сама партыя.

Аляксандр Вучыч. Фота: AP Photo / Darko Vojinovic

Кіраўнік парламенцкай фракцыі Сербскай прагрэсіўнай партыі Міленка Ёванавіч заявіў, што Вучыч і яго палітыка з'яўляюцца «фундаментам», на якім сёння трымаецца Сербія. Пры гэтым ён раскрытыкаваў антыўрадавыя пратэсты, заявіўшы, што іх нібыта арганізоўваюць невялікія і неструктураваныя палітычныя групы, якія ў выпадку прыходу да ўлады могуць ператварыць краіну ў «канцэнтрацыйны лагер».

Сам Вучыч у ліпені ў інтэрв’ю аўстрыйскаму выданню Die Presse выказаў упэўненасць у перамозе сваёй партыі на выбарах, якія павінны адбыцца ў кастрычніку. Ён заявіў, што пасля выбараў Сербія стане эканамічна мацнейшай, а самі выбары, паводле яго ацэнкі, будуць больш дэмакратычнымі, чым у многіх іншых краінах.

У Сербіі ўжо каля двух гадоў перыядычна адбываюцца масавыя антыўрадавыя пратэсты. Асноўным рухавіком гэтых акцый стала моладзь. На фоне пратэстаў Вучыч неаднаразова заяўляў, што можа датэрмінова пакінуць пасаду прэзідэнта, не чакаючы заканчэння свайго цяперашняга тэрміну ў сярэдзіне 2027 года.

Паводле Канстытуцыі Сербія з'яўляецца парламенцкай рэспублікай. Прэзідэнт у такой сістэме мае пераважна прадстаўнічыя і цырыманіяльныя функцыі, тады як асноўная выканаўчая ўлада засяроджаная ў руках урада і прэм’ер-міністра. Таму пераход Вучыча з пасады прэзідэнта на пасаду кіраўніка ўрада дазволіць яму захаваць вырашальны ўплыў на дзяржаўную палітыку.

Чытайце таксама:

Вучыч заявіў, што свет стаіць на парозе значна больш маштабнай вайны

Вучыч прывёў у прыклад беларускую роўнасць рэгіёнаў і паставіў Барысаў у адзін шэраг з Мінскам

Вучыч заявіў, што Харватыя, Албанія і Косава збіраюцца напасці на Сербію

Каментары да артыкула