БЕЛ Ł РУС

Украінскі камандуючы асабіста прыехаў у горад, пра захоп якога заявіў Пуцін

7.09.2026 / 11:43

Nashaniva.com

Камандзір 3‑га армейскага корпуса УСУ Андрэй Білецкі асабіста прыехаў у Святагорск, тым самым абвергнуўшы заяву прэзідэнта Расіі і расійскіх вайскоўцаў пра захоп горада.

Андрэй Білецкі. Скрын відэа

2 верасня Уладзімір Пуцін заявіў, што расійская армія нібыта захапіла Святагорск. Яго словы распаўсюдзілі як факт расійскія дзяржаўныя і прапагандысцкія медыя.

Аднак заяву Пуціна не пацвярджала ніводная з асноўных карт баявых дзеянняў. Паводле даных DeepState на момант заявы, найбліжэйшыя расійскія пазіцыі знаходзіліся прыкладна за 9,5 кіламетра ад горада.

Цяпер Білецкі асабіста прыехаў у горад.

«Я хачу звярнуцца да расійскага вайсковага і вайскова-палітычнага кіраўніцтва. Вы здымайце свае клоўнскія насы, гэтыя парыкі рознакаляровыя, не выглядайце дурнямі. <…> Ну, бачна, што мы ў бронежылеце, але шпацыраваць можна без усялякіх праблем. Дзень, як бачыце, ціхі, прыгожы. Машына во едзе цывільная», — сказаў ён.

Паводле яго заявы, Святагорск знаходзіцца ў паласе абароны 60‑й асобнай механізаванай брыгады 3‑га армейскага корпуса.

«Гэта тылавая зона нашага корпуса. Тут усё выдатна», — сказаў Білецкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула