Пад Маладзечнам п'янага кіроўцу спынялі стрэламі
У Маладзечанскім раёне супрацоўнікі мясцовай ДПС былі вымушаныя са стралянінай спыняць мікрааўтобус Volkswagen, якім кіраваў п’яны мужчына, паведамляе ДАІ УУС Мінскага аблвыканкама.
Скрыншот з відэа
Нарад ДПС падаў кіроўцу сігнал спыніцца, аднак той праігнараваў патрабаванне і працягнуў рух. Інспектары пачалі пераслед і неаднаразова патрабавалі спыніцца, але парушальнік спрабаваў уцячы.
Міліцыянеры прынялі рашэнне выкарыстаць табельную зброю. Пасля прыцэльных стрэлаў па колах аўтамабіль спыніўся.
За стырном знаходзіўся 39‑гадовы мясцовы жыхар. У яго былі відавочныя прыкметы алкагольнага ап’янення. Медыцынскі агляд паказаў 1,4 праміле алкаголю.
Цяпер мужчыну чакае пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў і штраф сумай 200 базавых адзінак, што складае 9 тысяч рублёў.
Парушальніка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а аўтамабіль адправілі на стаянку пад аховай.
Чытайце таксама:
У Мінску міліцыя са зброяй затрымлівала трох рэцыдывістаў-гастралёраў
На Міншчыне п’янага кіроўцу спынялі са стрэламі
У Дзятлаўскім раёне мужчына зладзіў прыцэльную стральбу па дарожных знаках
У Івацэвіцкім раёне мужчына дзеля забавы абстраляў з пнеўматыкі раварыста