Кляшчы восенню: дзе хаваюцца, чым небяспечныя і як абараніць дзяцей
Часцей за ўсё мінчане прывозяць кляшчоў з дач, пры гэтым толькі пятая частка выпадкаў прыпадае на прагулкі ў лесе, піша выданне Times.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Пачатак восені адзначаецца хваляй актыўнасці кляшчоў. Як правіла, яны сустракаюцца аж да лістапада, а ў некаторыя гады медыкі фіксавалі адзінкавыя выпадкі ўкусаў нават у снежні. Пакуль тэмпература паветра будзе не ніжэй за +5°С, адпачываць на прыродзе трэба, улічваючы верагоднасць сустрэчы з гэтымі членістаногімі.
Цяпер у высокай траве і на кустах распаўсюджаныя німфы — гэта дробныя кляшчы памерам 0,5—1 мм. Аднак яны гэтак жа сама пераносяць Лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт, як і дарослыя асобіны.
«У сваім цыкле развіцця клешч праходзіць некалькі этапаў: яйка, лічынка, німфа і дарослая асобіна. Німфа — гэта падрастаючае пакаленне, такія кляшчы меншыя па памерах, і іх складана заўважыць», — расказала журналістам энтамолаг супрацьэпідэмічнага аддзялення аддзела эпідэміялогіі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Галіна Млынарчык.
Антыбіётыкі трэба прыняць у першыя 72 гадзіны пасля ўкусу
Самыя небяспечныя хваробы, якія можа перадаць клешч, — клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз. І калі ад першага можна прышчапіцца, то ад Лайм-барэліёзу вакцыны пакуль няма.
Каб бактэрыя Лайм-барэліёзу выклікала захворванне ў чалавека, павінна прайсці 72 гадзіны пасля ўкусу.
«Толькі праз 72 гадзіны могуць з'явіцца першыя прыкметы — гэта мігруючая пляма. Яна можа быць ад бледна-ружовага колеру да ярка-чырвонага і сінюшнага. Пляма пастаянна расце, дасягаючы 15, 20 і нават 30 сантыметраў. У яе цэнтры можа быць прасвятленне. Суб'ектыўна яна часта сябе ніяк не праяўляе: чалавек не адчувае ні болю, ні смылення, ні свербу», — адзначыла доктарка-інфекцыяністка, загадчыца аддзялення «боксавы ізалятар» Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы сталіцы Таццяна Клянніцкая.
Калі пасля ўкусу кляшча своечасова не звярнуцца да ўрача і не пачаць прымаць антыбіётыкі ў першыя 72 гадзіны, хвароба можа развіцца далей і закрануць суставы, нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэму. Прычым у чалавека могуць з'явіцца нязвыклыя галаўныя болі, якія не здымае ніводзін лекавы сродак.
Як засцерагчы дзяцей
Пасля ўкусу кляшча дзецям, як і дарослым, могуць прызначыць антыбіётык ад Лайм-барэліёзу. Пры гэтым карэктную дозу разлічвае педыятр, зыходзячы з вагі дзіцяці. Каб засцерагчы малодшых ад укусаў, пры выхадзе на прагулку іх трэба апранаць па прынцыпе «чарапіцы».
«Гэта значыць, што штонікі трэба заправіць у шкарпэткі, а кофтачку — у штонікі або калготкі. Мы наслойваем адно на другое: зверху кофтачка з манжэтамі, хустка, шапачка — і дзіця ўжо гэтым засцерагаецца», — расказала доктарка-інфекцыяністка, загадчыца арганізацыйна-метадычнага аддзела Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска Аліна Савенка.
Падчас прагулкі трэба выкарыстоўваць рэпеленты супраць кляшчоў. Прычым гэта павінны быць аптэчныя сродкі з інструкцыяй па выкарыстанні.
На скуры чалавека кляшчы любяць цёплыя і сухія месцы. Гэта можа быць прастора за вушамі, шыйныя, падмышачныя, пахавыя, падкаленныя, локцевыя складкі і міжпальцавыя прамежкі. Таму пасля прагулкі дзіця важна агледзець ва ўсіх гэтых месцах. Пры гэтым трэба звярнуць пільную ўвагу і на валасяную частку галавы.
«Быў выпадак, калі хуткая прывезла проста з дачы дзяўчынку з падазрэннем на пнеўманію. Пнеўманія пацвердзілася, спатрэбілася шпіталізацыя, а ў прыёмным аддзяленні ў абавязковым парадку праходзяць агляд на педыкулёз. У дзяўчынкі на галаве былі косы з каляровымі стужкамі, з якімі яна хадзіла паўлета. Калі касічкі расплялі, я знайшла кляшча, які там быў пару сутак», — адзначыла Аліна Савенка.
Чытайце таксама:
Хірург аспрэчыў галоўныя міфы пра ўкусы і выдаленне кляшчоў
«Фу, брыдота! Дзе купіць?» Беларускі дызайнер прыдумаў завушніцы ў выглядзе кляшчоў
Ці можна рабіць прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту летам?
Чаму цяпер так шмат кляшчоў і што з гэтым рабіць?
Чаму пры ўкусе кляшча бессэнсоўна адразу здаваць аналіз крыві