БЕЛ Ł РУС

Беларуса ў Расіі асудзілі на 25 гадоў за падрыхтоўку дыверсіі ў Новарасійску

10.09.2026 / 19:31

Nashaniva.com

Паўднёвы акруговы вайсковы суд прызнаў грамадзяніна Беларусі Мацвея Кітава вінаватым у падрыхтоўцы дыверсіі ў Новарасійску па заданні супрацоўніка Службы бяспекі Украіны. Мужчына нібыта планаваў падарваць пункт адбору грамадзян на вайсковую службу паводле кантракта, але быў выкрыты і затрыманы супрацоўнікамі УФСБ па Краснадарскім краі, паведамляе расійскае агенцтва ТАСС.

Скрыншот з відэа

Паводле матэрыялаў суда, у снежні 2024 года Мацвей Кітаў, знаходзячыся ў Краснадары, пачаў перапіску з чалавекам, які прадставіўся супрацоўнікам СБУ. Беларус нібыта пагадзіўся на канфідэнцыйнае супрацоўніцтва. 26 лютага 2025 года ён атрымаў заданне здзейсніць дыверсію з выкарыстаннем самаробнага выбуховага прыстасавання.

У лютым 2025 года Кітаў, як сцвярджаецца, прыехаў у Новарасійск, забраў з тайніка кампаненты для вырабу выбуховага прыстасавання і перамясціў іх у іншае месца. Да гэтага ён атрымаў ад свайго куратара інструкцыі па зборцы і актывацыі прыстасавання.

На судзе мужчына цалкам прызнаў віну і расказаў, што атрымаў ад супрацоўніка СБУ 805 даляраў за выкананне задання.

Суд прызначыў яму 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Першыя пяць гадоў беларус павінен правесці ў турме. Акрамя таго, Мацвея Кітава аштрафавалі на 300 тысяч расійскіх рублёў (каля 3530 даляраў).

Кампаненты для вырабу выбуховага прыстасавання былі канфіскаваныя супрацоўнікамі УФСБ па Краснадарскім краі, якія расследавалі крымінальную справу.

Чытайце таксама:

Падазраваны ў дыверсіі ў Лейпцыгу атрымаў візу ў пасольстве Італіі ў Мінску

Вядучы польскі разведчык пра беларускі КДБ, Івана Церцеля і дыялог з Мінскам

Выхадцы з «Альфа» КДБ Беларусі займаюць кіраўнічыя пасады ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для забойстваў за мяжою

Каментары да артыкула