Вядучы польскі разведчык пра беларускі КДБ, Івана Церцеля і дыялог з Мінскам
Як польская разведка ацэньвае ўзровень небяспекі з боку беларускага КДБ, ці камунікуюць спецслужбы дзвюх краін і як праходзілі перамовы па вызваленні Анджэя Пачобута? Намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў генерал Радаслаў Куява стаў госцем праекта «Didaskalia», піша Reform.news.

На думку Радаслава Куявы, найбольшую пагрозу для бяспекі Польшчы ўяўляе агрэсіўная палітыка Расійскай Федэрацыі, і ў значна меншай ступені — Беларусь.
«Расія — дзяржава, якая рэальна ўлічвае ваенныя рашэнні для дасягнення палітычных мэтаў.
Беларусь у гэтым кантэксце нам не пагражае, а галоўнай задачай беларускіх службаў з'яўляецца абарона дзеючай улады.
Па гэтай прычыне яны разглядаюць нас як пагрозу з боку найбуйнейшага суседа з Еўрапейскага саюза і НАТА. У гэтым кантэксце яны лічаць пагрозай беларускую дыяспару на тэрыторыі як Польшчы, так і ўсёй Еўропы», — адказаў Радаслаў Куява.
Беларускі КДБ небяспечны для Польшчы, робіць выснову Куява, але не небяспечнейшы за расійскія структуры.
Тым не менш гэта сітуацыя, на думку генерала, патрабуе ад польскага кіраўніцтва пэўных рашэнняў.
«З пункту гледжання функцыянавання нашых дзвюх дзяржаў выклікам для нас — людзей, якія выраслі ў салідарнасці і ў барацьбе з таталітарызмам — застаецца прывыканне да таго, што ў нас ёсць суседзі, чый дэмакратычны мандат ілюзорны.
І мы павінны вырашыць — як у гэтай рэальнасці кіраваць нашымі адносінамі. Пры гэтым звяртаючы ўвагу на тое, што суверэнітэт Беларусі, яе незалежнасць, дзяржаўнасць, здольнасць вызначаць уласныя мэты насуперак блізкасці з Расіяй — знаходзяцца ў сферы нашых інтарэсаў», — заявіў генерал Куява.
Некаторыя з пытанняў падчас інтэрв'ю тычыліся этнічнага паляка, старшыні беларускага КДБ Івана Церцеля. Што пра яго ведае польская разведка?
«Лукашэнка кажа: «Нашы палякі». Ну і ён яго паляк. І ці прасцей нам ад гэтага размаўляць? Я думаю, што ў яго польскай душы інтарэсы прэзідэнта Лукашэнкі — самыя важныя, і гэта трэба разумець», — адказаў Куява.
«А з другога боку, мы з іх пункту гледжання — найбольш цікавы сусед. Яны выдатна разумеюць Расію, разумеюць Украіну, умеюць апісваць сутнасць магчымасцей абодвух дзяржаў і іх інтарэсаў у гэтым канфлікце. Па-свойму яны з'яўляюцца часткай таго свету. Чаму мы таксама вучымся, гледзячы на тамтэйшыя дылемы», — працягнуў ён.
Якія ж у Польшчы інтарэсы адносна Беларусі? Якія прагматычныя пытанні дзвюм краінам трэба ўладкаваць?
Адказваючы на гэта, Радаслаў Куява падкрэсліў, што
міграцыйны ціск на польска-беларускай граніцы знізіўся. Акрамя таго, была выпушчана вялікая частка палітвязняў. Няма і ніякіх доказаў таго, што Беларусь вядзе дыверсійную дзейнасць на тэрыторыі Польшчы.
«Гэта база для дыялогу, — заявіў ён. — А як сама Беларусь, ці як Расія ўспрыме той факт, што мы можам размаўляць — гэта ўжо асобная тэма. Гэта больш дылема для беларускага боку, а з нашага ёсць псіхалагічны бар'ер, да другога мы павінны трохі прывыкнуць».
Вядучы пацікавіўся, ці падтрымліваецца кантакт з Мінскам на ўзроўні спецслужбаў?
«Мы ж не хавалі гэтага пры правядзенні працы па вызваленні спадара Анджэя Пачобута — гэта адбылося ў выніку перамоў з беларусамі», — адказаў Радаслаў Куява.
«Службы маюць прывілею камунікаваць без агалоскі і без выпуску камюніке на гэтую тэму. У нас доўгая мяжа. Свет, які мы назіраем, выглядае сёння так, што трэба размаўляць на розныя тэмы з кожным з суседзяў.
У нас з Беларуссю дыпламатычныя адносіны, і тое, што нам удалося дабіцца вызвалення Анджэя Пачобута — адзін з доказаў таго, што гэтыя перамовы варта весці», — патлумачыў намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў.
На думку Куявы, на пэўным узроўні дыялог вядуць усе.
«Мы бачым гэта на прыкладзе канфлікту ў Іране, мы бачым гэта на прыкладзе абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй, мы бачым гэта ў дамоўленасцях Ізраіля з ХАМАС. Зразумела, у канцы паўстае пытанне пра легітымацыю прэзідэнта Лукашэнкі.
І гэта тое, што з нашага пункту гледжання важна.
Скажу толькі так: Беларусь павінна ведаць, што з польскага боку ёй не пагражае агрэсія. Калі яна будзе ў стане запэўніць нас, што з таго боку граніцы яе таксама не будзе, то я думаю, гэта ўяўляе каштоўнасць для польскай дзяржавы», — заявіў Радаслаў Куява.
На просьбу расказаць падрабязней пра справу Пачобута і ўнёсак польскіх службаў у яго вызваленне, генерал Куява патлумачыў, што гісторыя гэта пачалася ў ліпені 2024 года ў кантэксце вялікага абмену, калі па просьбе амерыканцаў польскі бок перадаў расійскага шпіёна Паўла Рубцова.
«Тады мы атрымалі запэўніванні, што яны [ЗША] ведаюць нашы перавагі і чаканні, каго мы найбольш хочам вызваліць. Гэты працэс ішоў доўга, і яго каталізатарам стала тое, што нам удалося затрымаць за супрацьпраўную дзейнасць (а ў дзвюх выпадках накіраваную супраць нашых інтарэсаў) асоб, за якімі расіяне і беларусы да нас звярнуліся.
Гэта дазволіла нам кантраляваць ход перамоў, у якіх роля амерыканцаў была вельмі вялікай, паколькі ў іх ужо было выпрабаванае ноу-хау і яны размаўлялі напрамую [з прадстаўнікамі беларускага рэжыму], у тым ліку ў Мінску».
Вызваленне Пачобута Куява назваў «сумеснымі намаганнямі», у межах якіх «дыялог з беларусамі таксама быў неабходны».
Інтэрв'юер пацікавіўся, чаму польскія службы дагэтуль не прыцягнулі да адказнасці перад польскім правасуддзем суддзю Томаша Шміта, які ўцёк у Беларусь?
Радаслаў Куява адзначыў, што ў гэтым выпадку пытанне ў сілах і сродках, якія польскія спецслужбы павінны былі б задзейнічаць для гэтай мэты. А таксама кантэкст адносін з Беларуссю — дзяржавай, на тэрыторыі якой знаходзіцца беглы суддзя.
«У нас зусім іншая ацэнка міжнароднай рэальнасці, іншае разуменне права, — адзначыў намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў. — Аднак гэта наш сусед і дзяржава, з якой у нас ёсць — і рэальна, і патэнцыйна — мноства тэм для абмеркавання».
Паводле яго слоў, гэта тонкая мяжа. Так што магчымасць падтрымліваць дыялог не спалучаецца з планаваннем «якіх-небудзь актыўных дзеянняў».
«Я разумею гэты адказ. Ці аналагічная справа адносна забойцы польскага салдата на граніцы з Беларуссю?» — пацікавіўся вядучы.
Куява адказаў, што ў польскіх спецслужбаў шмат інфармацыі пра гэтага чалавека.
«Забойца — экзатычны злачынца, які выконвае свае задачы на польска-беларускай граніцы, мэтай якіх была дэстабілізацыя і стварэнне ўмоў для эфектыўнага ажыццяўлення міграцыйнага ціску, — адзначыў ён. — Ці мэтазгодна ў гэтай сітуацыі, нават паводле сэнсу міжнароднага права, звяртацца з запытам пра тое, каб ён быў нам выдадзены Беларуссю, ці наогул атрымліваць ад гэтай дзяржавы дапамогу ў яго злову? Тым больш што беларусы ўвесь час сцвярджаюць, нібыта яны не былі ў стане прадухіліць гэты міграцыйны ціск», — сказаў Радаслаў Куява. Дадаўшы, што «ў кантэксце гэтага здарэння мы нават гатовы паверыць, таму чакалі б супрацоўніцтва».
Пры гэтым намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў ухіліўся ад адказу на пытанне пра тое, ці знаходзіцца дагэтуль забойца польскага вайскоўца на тэрыторыі нашай краіны.
Вядучы пацікавіўся — ці ўяўляе Радаслаў Куява ў нейкай перспектыве Беларусь членам Еўрапейскага саюза? Бо дружалюбная буферная дзяржава на ўсходняй мяжы была б у інтарэсах Польшчы?
«А ці ў стане мы эфектыўна падтрымаць украінскія імкненні ў Еўрапейскі саюз, калі ўжо ў нас тут ёсць гатоўнасць з абодвух бакоў?» — задаўся сустрэчным пытаннем намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў.
«Мы канцэнтруемся на рэчах не з вобласці фантазій, а на тым, дзе можна наш інтарэс сфармуляваць і жорстка яго праводзіць, не зважаючы на эмоцыі многіх нашых суайчыннікаў», — заявіў ён.
Цяпер чытаюць
«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу
«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу
«Галандскі архітэктар», які адбудаваў Вострую браму і паставіў сабе дом-крэпасць у Гайцюнішках, аказаўся ніякім не галандцам. Але яго спадчына захапляе
Каментары
Я так і не зразумеў, збіраюцца яны шукаць забойцу свайго жаўнера ці не. Нейкія разважанні. Ці зразумеў хто сказанае больш ясна?
2. «Няма і ніякіх доказаў таго, што Беларусь вядзе дыверсійную дзейнасць на тэрыторыі Польшчы.»
Паўтараю, вось вам адказ, чаму гісторыя Мельнікавай не пайшла ў прапаганду БТ/КДБ. Ахвяра яна, завербаваная ці агент з самага пачатку - ў любым выпадку гэта гісторыя пакажа на дзейнасць КДБ у Польшчы.
А таксама можа прывесці да скандалаў з польскімі службамі бяспекі - тыпа, не даглядзелі.
Таму для карысці тых перамоў спецслужб гэтая гісторыя і можа замоўчвацца, не выносіцца на публіку. Раней, да перамоў маглі быць іншыя планы.
3. Ізноў пра этнічнага паляка Церцеля. Каму гэта вядома? З таго, што з каталіцкай сям’і, не вынікае польскасць. Вёска на сутыкненні Беларусі, Літвы і Польшчы, раней была адразу за літоўскай мяжой рассялення. Таму пытанне адкрытае.
А нібыта факт пра "паляка" занёс раней у польскі кантэкст адзін не вельмі акуратны, на мой погляд, артыкул.