БЕЛ Ł РУС

Тры з пяці танкераў, па якіх пазаўчора ўдарылі ЗША, былі звязаныя з расійскім ценявым флотам

10.09.2026 / 19:44

Nashaniva.com

Тры з пяці нафтавых танкераў, па якіх амерыканскія вайскоўцы ўдарылі 8 верасня, маюць непасрэдную сувязь з расійскім «ценявым флотам». Пра гэта паведаміў упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк, піша «Укрінфарм».

Танкер Kaviz. Фота: vesselfinder.com

Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра танкеры Kaviz, Charminar і Riesco. Яны перавозілі расійскую нафту, заходзілі ў расійскія парты і выкарыстоўваліся для працы ва ўмовах санкцый. Самі ўдары ЗША па пяці іранскіх нафтавых танкерах былі нанесеныя 8 верасня ў адказ на спробы Ірана атакаваць амерыканскі вайсковы карабель.

Танкер Kaviz, як адзначыў Уласюк, заходзіў у расійскія парты Усць-Луга і Новарасійск, перавозіў расійскую нафту і адключаў сістэму аўтаматычнай ідэнтыфікацыі AIS, якая дазваляе адсочваць рух суднаў. Ён быў звязаны з кампаніяй Fractal Marine DMCC, якую называюць адным з асноўных аператараў расійскага «ценявога флоту» ў першыя гады пасля ўвядзення санкцый супраць расійскай нафты.

Charminar, па словах Уласюка, заходзіў ва Усць-Лугу, Прыморск, Высоцк і Санкт-Пецярбург. Пасля таго як Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць Fractal Marine, звязаныя з кампаніяй судны пачалі афармляць на іншых менеджараў, аднак перавозкі расійскай нафты працягнуліся. Акрамя таго, Charminar звязаны з суднаходнай структурай, якую кантралюе іранскі нафтавы магнат Махамед Хасэйн Шамхані. Гэта структура працуе адначасова з іранскай і расійскай нафтай.

Танкер Riesco, як сцвярджае Уласюк, таксама перавозіў нафту з абедзвюх краін. У прыватнасці, расійская і іранская нафта магла перамяшчацца праз перагрузкі з іншых суднаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Паводле слоў украінскага чыноўніка, гэты танкер добра паказвае, як перасякаюцца расійская і іранская сістэмы абыходу санкцый.

Уладзіслаў Уласюк падкрэсліў, што ўсе тры танкеры знаходзяцца пад санкцыямі Украіны і ЗША. Kaviz, акрамя таго, уключаны ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Канады і Швейцарыі.

Ён заявіў, што расійскі і іранскі «ценявыя флоты» звязаныя паміж сабой праз судны, менеджараў, пасярэднікаў і маршруты перавозкі нафты. Таму, на яго думку, меры супраць такіх суднаў павінны быць суровымі незалежна ад іх фармальнага сцяга і ўладальнікаў.

Чытайце таксама:

ЗША знішчылі пяць іранскіх танкераў

У Еўрасаюзе затрымалі ўжо шосты танкер, які звязваюць з ценявым флотам Расіі

Іран паабяцаў адбіраць судны ў Армузскім праліве

Расія ўпершыню за дзесяцігоддзе засталася без вайсковых караблёў у Міжземным моры

Каментары да артыкула